Грамадзянку Беларусі выкралі ў Нігерыі выпадкова?

Праваахоўныя органы Нігерыі запэўніваюць, што на працягу некалькіх дзён выкрадзеная грамадзянка Беларусі будзе вызвалена.

10.05.2007 / 16:52

Праваахоўныя органы Нігерыі запэўніваюць, што ў найбліжэйшыя некалькі дзён выкрадзеная грамадзянка Беларусі Ірына Экпа‑Ума будзе вызвалена. Пра гэта БелаПАН 10 мая паведаміў саветнік пасольства Расіі ў Нігерыі Віктар Ганчароў.

Паводле яго слоў, два супрацоўнікі пасольства толькі што вярнуліся з Порт‑Харкарта, дзе 5 мая была выкрадзена І.Экпа‑Ума. «Прадстаўнікі праваахоўных органаў запэўнілі нашых супрацоўнікаў, што робіцца ўсё магчымае для найхутчэйшага вызвалення жанчыны і што сітуацыя будзе станоўчана вырашана найбліжэйшымі днямі», — сказаў В.Ганчароў.

Ён зазначыў, што выкраданне жанчыны было выпадковым. «Гэта быў зусім выпадковы захоп, — сказаў В.Ганчароў. — Выкрадальнікі выходзяць на сувязь у аднабаковым парадку. Яны тэлефануюць з розных мабільных тэлефонаў, таму паліцыя ніяк не можа ўстанавіць іх месцазнаходжанне». Паводле слоў В.Ганчарова, прадстаўнікі праваахоўных органаў не паведамляюць, як менавіта будзе вызвалена заложніца і ці будуць плаціць за яе запатрабаваны выкуп у 1,2 млн. долараў ЗША.