Новая хваля ціску на «Малады фронт»

На Яраслава Грышчэню з Баранавічаў адноўлена крымінальная справа, хутчэй за ўсё будзе заведзена крымінальная справа на салігорца Івана Шылу.

10.05.2007 / 18:58

Сёньня на імя салігорскага актывіста незарэгістраванага «Маладога фронту» 17-гадовага Івана Шылу прыйшоў пазоў. Яму загадана зьявіцца заўтра а 11:00 у пракуратуру ў якасьці падазраванага ў крымінальнай справе. Пакуль Іван нават канкрэтна ня ведае у чым менавіта яго абвінавачваюць.

У панядзелак Івана Шылу выклікалі ў пракуратуру, каб ён даў паказаньні ў справе «Маладога фронту». Хлопец адмовіўся гэта рабіць, адзначыўшы, што, калі хочуць ад яго нешта пачуць, то няхай выклікаюць, як падазраванага. У чацьвер вечарам прыйшоў такі пазоў.

Варта адзначыць, што сёньня таксама аднавілі крымінальную справу супраць баранавіцкага «маладафронтаўца» Яраслава Грышчыню, справу якога прыпынілі 24 красавіка. У Грышчэні таксама заўтра будзе допыт у пракуратуры.

Такім чынам цяпер па крымінальнай справе «Маладога фронту» праходзяць сямёра чалавек, апроч Шылы і Грышчэні — гэта Зьміцер Хведарук, Аляксей Янушэўскі, Наста Палажанка, Алег Корбан і Барыс Гарэцкі.

Зьміцер Панкавец