На Канскім фэсьце Пуціна абвінавачваюць у забойстве

У суботу прад’явяць кінадоказы

У пазаконкурсную праграму Канскага кінафэсту нечакана ўключаны фільм пра сьмерць Аляксандра Ліцьвіненкі, атручанага радыёактыўным палёніем.

23.05.2007 / 16:44

Канскі фэст прайшоў праз экватар. Ужо былі прадстаўленыя стужкі Вонга Кар Вая і Дэйвіда Фінчэра, паказаны кінаальманах 35 рэжысэраў, а крытыкі спрачаюцца, хто атрымае прыз: браты Коэны (“Для старых тут месца няма”), Гас Ван Сэнт (“Параноід парк”) ці аборталюбная румынская стужка Крыстыяна Мунджу.

Раман Палянскі пасьпеў пасварыцца з журналістамі, абвінаваціўшы іх у гультайстве й непрафэсійнасьці, а Марцін Скарсэзэ абвясьціў пра стварэньне Сусьветнага фонду кіно (дзе Ўсходняй Эўропе – адмысловая ўвага!).

Але найбліжэйшая субота абяцае палітычны скандал. У пазаконкурсную праграму нечакана ўключаная не заяўленая раней дакумэнтальная стужка “Бунт. Справа Ліцьвіненкі”.

Гэтая 53-хвілінная карціна зьнятая рэжысэрам Андрэем Някрасавым – сябрам Ліцьвіненкі, якога атруцілі радыёактыўным палёніем. Някрасаў абвінавачвае ў забойстве Ўладзімера Пуціна, а таксама распавядае пра расейскую павуціну карупцыі.

Арганізатары фэсту абвясьцілі пра стужку толькі, калі фэст дайшоў да сярэдзіны. Такая сакрэтнасьць зьвязаная з палітычным зьместам карціны. Дарэчы, Расея прадстаўленая ў конкурсе стужкамі Зьвягінцава (“Выгнаньне”) і Сакурава (“Аляксандра”).

У 2004 годзе Каны ўжо скідвалі з п’едэстала аднаго прэзыдэнта – Майкл Мур выкрываў Джорджа Буша. Сёлета надышла чарга для расейскага кіраўніка, да якога ў эўрапейцаў абвінавачваньняў ня менш.

У суботу будуць прад’яўленыя кінадоказы.

Паводле сайту Film.ru. Фота з сайту Lenta.ru

Усе кінападзеі