Дударскі фэст

Яшчэ б словаў ды электронікі — і «Эўрабачаньне» можна было б скараць. Дыскаграфія, складанка. БМАгруп. НМК, 2007

08.06.2007 / 09:39

Яшчэ б словаў ды электронікі — і «Эўрабачаньне» можна было б скараць

Запіс леташняга фэстывалю, у якім узялі ўдзел выканаўцы і гурты, што ў сваёй творчасьці выкарыстоўваюць гэты старадаўні інструмэнт. Дуда толькі вяртаецца ў беларускі музычны ўжытак пасьля доўгага забыцьця, паступова разыходзіцца сярод ансамбляў старадаўняй музыкі, гучыць у рок‑творах. У тым, што гучаньне дуды мае непаўторную экспрэсію, можна ўпэўніцца зь першага трэку — «Skudrinka» ад «LitvinTrol».

Яшчэ б словы напісаць ды электронікі ўвесьці — і «Эўрабачаньне» можна было б скараць. Прыклад валоданьня тэхнікай ігры на гэтым інструмэнце дэманструе майстра — Тодар Кашкурэвіч (тут ажно чатыры кампазыцыі ў ягоным выкананьні).

У кожнага выканаўцы дуда гучыць па‑рознаму: у «Келіх Кола» яна наганяе трохі суму, у «Провадах на вайну» Кашкурэвіча перадае трагічнасьць моманту, у «Ліцьвінаў» настройвае на добры лад. Прычым і дуды гучаць ня толькі беларускія, але і латыскія, шатляндзкія і галісійскія. Разынка гэтай праграмы — «Al Vis Lo Lop» ад «Старога Ольсы» з уплеценым музычным кавалкам зь «Nirvana».

Тое, што падобная музыка мае попыт, давёў сёлетні дударскі фэст, які прайшоў нядаўна зь немалым посьпехам. Дыск прыдатны для азнаямленьня зь беларускай дударскай музыкай, хоць і ня лепшым чынам запісаны. Непадрыхтаванаму слухачу праслухаць яго будзе цяжкавата.

Сяргей Будкін