Лявон Вольскі ў верасьні выдасьць сольны альбом

Вольскі: Будзе такі кабарэ‑альбом сатырычных песень, які выйдзе хутчэй за ўсё напачатку верасьня.

03.07.2007 / 07:34

Лявон Вольскі сёньня выступіў на фэстывалі «Месяц аўтарскага чытаньня» ў Брно, дзе апроч песень прэзэнтаваў і прозу. Пасьля ягонага выступу мы папрасілі яго падзяліцца сваімі ўражаньнямі для нашага Радыё.

Вольскі: «У мяне такія феэрычныя ўражаньні, бо я рэдка бяру ўдзел у літаратурных сустрэчах. Тут я нават менш сьпяваў, чым чытаў. Як гавораць амэрыканскія беларусы, я быў вельмі ўсьцешаны».

Знаткевіч: «Як удалося пераадолець моўны бар’ер?»

Вольскі: «Сяргей Сматрычэнка ўсё перакладаў, таму моцнага моўнага бар’еру і не было. Пераклад тэкстаў, якія я чытаў і сьпяваў, ішоў на экране, і рэакцыя публікі была адэкватная — калі было сьмешна, сьмяяліся, калі было сумна — плакалі».

Знаткевіч: «Падчас выступленьня вы гаварылі пра новы альбом, які вы ўжо запісалі і які выйдзе ў верасьні…»

Вольскі: «Я казаў экслюзыўна для чэскай публікі… Будзе такі кабарэ‑альбом сатырычных песень, які выйдзе хутчэй за ўсё напачатку верасьня. Назву ня буду казаць, бо яна ня тое што нецэнзурная, але даволі такі небясьпечная».

Знаткевіч: «Гэта будзе ваш сольны праект?»

Вольскі: «Абсалютна сольны».

Аляксей Знаткевіч, Радыё Свабода