Учора споўнілася 118 год найстарэйшай жыхарцы Беларусі Ганне Рагель. Ганна Паўлаўна разам з дачкой жыве ў прыватнай хаце на ўскраіне Маладэчна. У яе захаваліся свае зубы, чытае яна без акуляраў. Праўда, па скаладах, бо як кажа сама, «вялікай граматай не валодае».

Колькі ёй гадоў, Ганна Паўлаўна дакладна ня ведае. Ведае, што «больш за сто». У савецкім пашпарце, якія яна так і не памяняла, пазначаная дата нараджэньня — 1889 год. Цяжка ўявіць, што Янку Купалу тады было 7 год, а Максіма Багдановіча не было ўвогуле!

Ганна Паўлаўна распавядае, што ёйны муж быў кавалём, а яна яму дапамагала. Калі савецкая ўлада забрала іхную кузьню, так разам і засталіся там працаваць, але ўжо афіцыйна — у калгасе.

Мужыка свайго Ганна Рагель перажыла амаль на 30 год. Разам выгадавалі чатырох дзяцей, аднаго сына ўжо няма на сьвеце. Наймаладзейшай дачцэ, зь якой яны жывуць, 58 год. Атрымліваецца, што нарадзіла яе Ганна Паўлаўна амаль ў шэсьцьдзесят! Кажа — «здароўе было».

Цьху‑цьху, але найстарэйшая беларуска і зараз асабліва не скардзіцца на жыцьцё. Да лекараў ніколі не зьвяртаецца, бо «нічога асабліва не баліць». Кладзецца спаць Ганна Паўлаўна, па яе словах, «як толькі шарэе», а вось зранку любіць паляжаць падаўжэй. Газэт не чытае, тэлевізар не глядзіць, алькаголю ніколі не піла.

‑‑ Ня трэба нікому жадаць зла, ня думаць благога, ‑‑ дзеліцца сакрэтамі доўгажыхарства Ганна Рагель. — Жывем адзін раз, дык трэба ўжо жыць.

Больш за ўсё Ганну Паўлаўну турбуе адна праблема — ужо колькі год на іх вуліцу падвялі газ, але ім у хату марудзяць — ня хочуць весьці.

‑‑ Божачкі, хай бы зрабілі, ‑‑ пакутуе старая. — Каб мне хоць цёпла памыцца было, а болей нічога ня трэба!..

Дарэчы, падзеямі ў дзяржаве Ганна Паўлаўна цікавіцца мала. Пытаюся, ці ведае яна, хто ў Беларусі прэзыдэнт.

‑‑ Вой!.. Забылася! ‑‑ шчыра адказвае найстарэйшая беларуска Ганна Рагель.

На развітанне яна шчыра зычыць мне:

‑‑ Каб вы пажылі столькі, колькі я! А я яшчэ пажыву гадкоў дзесяць. А можа і болей — калі Бог дасьць!

Дарэчы, сёньня ў Беларусі жыве 14 чалавек, якім споўнілася больш, чым 110 год.

Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна