Дрэнная выйшла тут справа з‑за крыжа хрысьціянскага. У Івенцы ёсьць касьцёл і цэрква. Цэрква перароблена з даўнейшага касьцёлу. Каталікі‑мяшчане паставілі пасьля «свабоды» 4 крыжы ў мястэчку і хацелі паставіць пяты крыж каля цэрквы. І паставілі. Але па цяперашняму закону каталікі ня мелі права ставіць крыж свой каля цэрквы, і выйшаў прыказ земскага перанесьці.
Калі прыехаў прыстаў выкапаць той крыж і пераставіць на могілкі, сабралася шмат баб. Бо івенецкія мужчыны блізка ўсе муляры і расходзяцца летам на работу.
Як толькі паліцыя пайшла з могілак, мяшчане забралі крыж і бочнымі вуліцамі панесьлі яго і ўкапалі зноў недалёка ад таго месца, дзе ён стаяў даўней, каля агароду Бурака. Тут паліцыя наляцела на народ з нагайкамі. У стражнікаў паляцелі камяні. Паўліна Мікуцкая сьцягнула нават стражніка з каня, хоць яна і яшчэ 4 кабеты былі пабіты нагайкамі. Адным словам, выйшла бітва.
Не абышлося і без крыві. Стражнікі пачалі страляць, і забіта была Нядзьведзкая, старушка 63 гадоў…





