На сядзібе БНФ а 17.30 адбылася прэзэнтацыя чацьвёртай кнігі Паўла Севярынца «Брату».
Севярынец распавёў, што кніга складаецца з артыкулаў, якія друкаваліся з 1997 году ў розных выданьнях. «Мне задавалі шмат розных пытаньняў, што рабіць, якой мусіць быць Беларусь, – кажа Севярынец. – Адказы я даваў у гэтых артыкулах. Але цяпер яны маладаступныя, і я выдаў іх асобнаю кнігай».
Цэнтральным творам, які й даў назву кнізе, зьяўляецца артыкул «Брату», які быў надрукаваны ў «Нашай Ніве» 10 студзеня 2000 году. «Што рабіць? – Любіць Бога і любіць Беларусь» – такі адказ прапануе Севярынец на сёньняшнія запытаньні.
У кнігу таксама ўвайшлі творы «Бел‑чырвона‑белы сьцяг Хрыста», «Род Фронту». «Фундамэнтальная Беларусь».
Артыкулы «Беларусь у маладосьці» і «Пакаленьне запаволенага дзеяньня» малавядомыя паспалітае публіцы, бо друкаваліся ў малатыражных выданьнях НІСЭПІ. Артыкул «Попробуй без языка» складзены на рускай мове для газэты «Имя» – і прызначаны рускамоўнае моладзі, каб заахвоціць іх размаўляць па‑беларуску. У кнізе друкуюцца праграмы «Маладога фронту» і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, асьветніцкае «Шоў беларушчыны» і апавяданьні «Рыхтуйся» і «Паленьне».
«Брату» выдадзеная накладам усяго 220 асобнікаў. «Гэта кніга для ўладароў думак, для эліты» – патлумачыў Севярынец.





