11‑22 ліпеня ў бэрлінскім арт‑цэнтры «Tacheles» адбудзецца фэст незалежнага беларускага мастацтва «Дах‑5». У яго рамках пройдзе пэрсанальная выстава Аляксандра Родзіна, музычныя выступы беларускіх электронных праектаў, а таксама гасьцей фэсту (у ліку якіх і карыфей нарвэскага дарк‑эмбіенту PENITENT), пэрформансы і літаратурныя чытаньні.

«Tacheles» — месца легендарнае. Недарэмна ж турысты з усяго сьвету валам валяць у гэты вялізны сяміпавярховы кунстхауз, прагнучы акунуцца ў яго папраўдзе нон‑канфармісцкую атмасфэру.

ХАЙ ЛЮДЗІ ЎБАЧАЦЬ ВАШЫМІ ВАЧЫМА: зьмясьціце на nn.by Вашы фоты і паведамленьні: [email protected], 29-707-73-29, 29-613-32-32, 17-284-73-29.

Напрыканцы 80‑ых будынак, закінуты ледзьве не з часоў Другой сусьветнай, быў захоплены купкай мастакоў‑контаркультуршчыкаў і пераўтвораны ў камуну‑сквот, але прайшоў пэўны час, і гэтая ініцыятыва «легалізавалася» ды набыла трохі больш рэспэктабэльны статус. Стаўшыся неўзабаве адной з бэрлінскіх адметнасьцяў.

Гісторыю беларускай прысутнасьці ў сьценах «Тахелесу» распачынае супольная выстава «Дах», зладжаная ў 2001 годзе мастакамі Алесем Тарановічам і Ігарам Ермаковым. Адным зь яе вынікаў стала тое, што жывапісец Аляксандар Родзін пасьля свайго ўдзелу ў выставе быў запрошаны працаваць у «Тахелес» і неўзабаве стаў адным з самых культавых мастакоў арт‑цэнтра. Яго мінулая выстава «Калі‑юга», што прайшла ў «Тахелесе» на пачатку года, займела вялізны посьпех у бэрлінскіх мастацкіх колах. У рамках цяперашняга фэсту заплянаваная новая «пэрсаналка» мастака.

Сёлетні «Дах» стане пакуль што найбольш прадстаўнічай імпрэзай беларускай індастрыэл‑сцэны за мяжой. У ім возьмуць удзел такія праекты, як Buben, Nadin Katrin, Planet N, Kein, I Me Mine vs. Shkvarka. Да іх далучыцца ці не зь дзясятак гасьцей з розных краін сьвету.

Па словах аднаго з арганізатараў фэсту Уладыслава Бубена, ён проста разаслаў запрашэньні да ўдзелу ў ім сваім шматлікім сябрам і, нягледзячы на поўную некамэрцыйнасьць гэтай імпрэзы, багата хто ахвотна пагадзіўся ўзяць у ёй удзел. Не запатрабаваў ганарару і нарвэжац Карстэн Хамрэ. Падчас фэсту ён прадставіць ня толькі самы вядомы свой праект Penitent, які некалі праславіўся праз уласныя рэлізы на культавым незалежным лэйбле Cold Meat Industry, але і многія іншыя іпастасі. Сваё alter ego прадэманструе і вядомы нямецкі ды‑джэй Sacsha Mueller, які гэтым разам будзе граць экспэрымэнтальны нойз.

А яшчэ ў рамках фэсту пройдуць пэрформансы групы экзыстэнцыяльнай кляўнады «Тэатар псыхічнае неўраўнаважанасьці» (якая акурат адзначыць дзесяцігодзьдзе свайго існаваньня), Мітрыча і Яўгеня Лосіка, літаратурныя выступы Зьмітра Вішнёва і Ільлі Сіна. А таксама… нейкія абсалютна непрагназаваныя пакуль праявы творчай актыўнасьці.

‑‑ Перакананы, што ў «Тахелесе» бязь іх не абыдзецца, ‑‑ з хітраватай усьмешкай адзначыў Алесь Родзін. — Балазе, сама атмасфэра спрыяе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0