СТВ, 23.15
Скандальны швэдзкі рэжысэр Лукас Мудысон, вядомы па карціне «Fucking Еmеl» (у расейскім і нашых пракатах — «Пакажы мне любоў») пра дзяўчынак-лесьбіянак, зацкаваных грамадзтвам, знайшоў цэлую тэрыторыю занядбанасьці — руіны былой савецкай імпэрыі. Асобныя расейскія крытыкі ўжо выказалі сваю нездаволенасьць такім выбарам, бо абшарпаныя пад’езды, засцаныя коўдры і нялюдзкія ўчынкі нагадалі ім дарагую Радзіму.
Але на гэтай радзіме жывуць патэнцыйныя анёлы, якія мараць, дыхаюць і, бездапаможныя, ператвараюцца ў ахвяры дзіцячай прастытуцыі.
16-гадовую Лілю кінула маці, бо зьехала ў Амэрыку з палюбоўнікам. Цётка выставіла дзяўчынку з кватэры, а найлепшая сяброўка абняславіла. У Лілі анікога не застаецца, акрамя закаханага ў яе 11-гадовага Вовы, зь якім яна летуценна фантазіруе. Калі новы сябар Андрэй абяцае ёй працу ў Швэцыі, Ліля шчасьлівая, але гэта пастка сэксуальнага рабства.
Дзеці-акторы ў карціне моцныя і таленавітыя, а Аксана Акіньшына ператварылася ў зорку.
Калектыўны партрэт злачыннага юру з потнымі і сіплымі тварамі, тлустымі целамі, хрыплымі і сьлюнявымі вуснамі – гэта разьлічаны глядацкі шок. А ўцёкі дзяўчынкі пад музыку “Rammstein” – апошні скачок нявіннага анёла.
І хаця нельга не разумець, што фільм Мудысона – агітацыйная ўлётка, жорсткая сацыяльная дэклярацыя, эмоцыі працінаюць.
У адрозьненьні ад беларускіх кіношнікаў, якія выкарыстоўваюць лагодных дзетак у канвэернай вытворчасьці фальшывых цукерак, швэдзкі рэжысэр не саромеецца з размаху біць у сонечнае сьпляценьне, каб выклікаць горкія сьлёзы і спачуваньне.