— … Толькі вы, дарагі таварыш з Парыжу, плюньце на ўсё гэта.

— Як плюнуць?!

— Сьлінай, - адказаў Астап, — як плявалі да эпохі гістарычнага матэрыялізму. Нічога ня выйдзе.

(І.Ільф, Я.Пятроў, "Дванаццаць крэслаў")

У кулюарах кіеўскай сэсіі ПА АБСЭ, якая мае прыняць рэзалюцыю ў пытаньні Беларусі, шчыруе чацьвёрка сустаршыняў Палітрады АДС. Нарэшце вырваліся на міжнародны абсяг, скінуўшы манаполію "дэмакратычнага камандантэ"! :) Што да самога праекту, дык там "усё ўключана" — ад слова ў абарону трэцяга сэктару да закліку дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства.

Недзяржаўныя мэдыі адсочваюць інтрыгу. Дэлегацыя Палаты прапаноўвала зняць дакумэнт з абмеркаваньня. Нумар не прайшоў. Пад вокнамі будынка, дзе праходзіць сэсія, шуміць пікет у падтрымку рэзалюцыі. "…У прадстаўнікоў афіцыйнай дэлегацыі застаецца толькі адна магчымасьць — цераз унясеньне паправак зьмякчыць для сябе рэзалюцыю", — камэнтуе з украінскай сталіцы Анатоль Лябедзька.

Дадамо: у тутэйшых уладаў застаецца і іншая, вызначальная магчымасьць. Напляваць на тую рэзалюцыю і расьцерці.

У міжнародных арганізацый няшмат вагароў узьдзеяньня на Менск. Але калі Эўразьвяз, напрыклад, усё ж ушчыкнуў скасаваньнем прэфэрэнцый, то ў арсэнале АБСЭ няма і такіх санкцый. Увогуле гэта надзвычай стракатая ды аморфная структура, у межах якой дэмакратызатарскі імпэт заходніх дзяржаў тарпэдуюць Расія ды іншыя постсавецкія краіны з аўтарытарнымі рэжымамі. Вось і ў Кіеве за афіцыйны Менск заступіліся прадстаўнікі Масквы, Астаны, Баку… "З ПА АБСЭ нават выключыць нікога ня могуць, — нагадвае менскі палітоляг Андрэй Фёдараў. — У статуце арганізацыі няма, напрыклад, такога панятку, як недэмакратычна абраны парлямэнт".

Тым часам кіраўніца беларускага ЦВК Лідзія Ярмошына ў двух інтэрвію — учорашнім для "Времени новостей" і сёньняшнім для БелаПАН — фактычна ўжо дала адказ на будучую рэзалюцыю ПА АБСЭ.

Зь ейных выказваньняў вынікае наступнае:

— наша выбарчае заканадаўства і так ня горшае, а мо' й лепшае, чым у многіх краінах Захаду;

— АБСЭ сама ня ведае, чаго хоча, дыскусіі зь ёй бясплённыя;

— весьці перамовы пра зьмену правілаў электаральнай гульні можна было б хіба з моцнай апазыцыяй, а не з такой, як у нас.

Апошняя тэза ёсьць ключавой. Сапраўды, улада лічыцца толькі з моцай. Сёньняшняя тытульная апазыцыя яе не палохае (гэта факт, а ня камень у гарод дэмакратычных правадыроў — піяністы граюць, як умеюць). Памятаеце, у Аляксандра Лукашэнкі вырвалася: страшная не апазыцыя, страшны дэфолт. "Дэфолт" тут (хай эрудыты не прыдзіраюцца!) ужыты — мо' праз сваё таямніча-пагрозьлівае гучаньне — як зборны вобраз эканамічнага абвалу. Пакуль гэтая лавіна не папаўзла (а пэўная рэзэрва трываласьці ёсьцека), кіроўныя вярхі будуць апрыёры чхаць на ўсе рэзалюцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?