Суд Чыгуначнага раёна Віцебска 7 ліпеня аштрафаваў мясцовага апазіцыянера Барыса Хамайду на 10 базавых велічынь (310 тыс. рублёў) за правядзенне несанкцыянаванага пікета.
Б.Хамайда выйшаў у цэнтр горада, дзе ў гэтыя дні праходзіць фестываль мастацтваў «Славянскі базар», з плакатам, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. На плакаце, упрыгожаным нацыянальным беларускім арнаментам, былі напісаны радкі з купалаўскага верша «Хай жа вам так не здаецца»: «Хай жа вам так не здаецца, што бяда ўжо і зацісне. Знайце, ліха ператрэцца, і маланкай доля блісне». У руках Б.Хамайда трымаў свежы нумар газеты «Наша Ніва», надрукаваны да юбілею беларусского песняра, дзе на першай старонцы змешчана вялікая фатаграфія Я.Купалы.
Прыкладна праз 50 хвілін апазіцыянер быў затрыманы міліцыяй. Суд угледзеў у дзеяннях Б.Хамайды незаконнае пікетаванне.
«У гэтым відаць крывадушнасць уладаў: на афіцыйным узроўні яны шмат гавораць пра Купалу, але пры гэтым караюць за плакат з яго чатырохрадкоўем, - адзначыў актывіст апазіцыі ў інтэрв'ю БелаПАН. - Гэтым плакатам я хацеў прыцягнуць увагу людзей да гэтай значнай для беларусаў даты. А то людзі на «Славянскім базары» ядуць піражкі, шашлыкі, п'юць піва і не задумваюцца ні аб чым... Купала напісаў гэты верш яшчэ ў 1906 годзе, але тое, пра што ён казаў, абавязкова здзейсніцца».
![]() Барыс Хамайда. Фота Яна Талпыгі |





