Артыкул выкладчыка гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ўладзімера Ягорычава «Была вайна…» ёсьць адказам на намеры Эўропы асудзіць камунізм. «Сягоньня Эўропа, уратаваная савецкім салдатам, зьбіраецца судзіць камунізм» — піша дацэнт гарадзенскага ўнівэрсытэту. Колькі разоў у артыкуле сустракаецца ўзгадка пра «фашыстоўскую Эўропу», пераможаную выключна дзякуючы высілкам камуністаў: «Галоўная крыніца Вялікай Перамогі СССР і паразы фашыстоўскай Эўропы — гэта перавышаючая магутнасьць маладога камунізму ў асобе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, гэта магутнасьць савецкага народу, які пераўзыйшоў ворага ў духова-маральным, арганізацыйна-палітычным, эканамічным і ўласна вайсковым пляне. Перамогу атрымала савецкая працоўная кляса ў саюзе з калгасным сялянствам, кіраваным Камуністычнай партыяй пры падтрымцы міжнароднага руху Супраціву, ядром і душой якога былі камуністы…Толькі ненавісьнікі ўсяго савецкага могуць «забыць», што фашыстоўская Эўропа прыйшла на савецкую зямлю з плянамі зьніштажэньня 80% насельніцтва СССР».
Аўтар прыходзіць да высновы, што сучасная эўрапэйская дэмакратыя тоесная нацызму і закідае заходняй цывілізацыі такія вынаходніцтвы, як канлягеры і карныя апэрацыі. Прыводзяцца й словы прэзыдэнта пра дамарошчаных дэмакратаў, што ачарняюць савецкае мінулае ды называюць фашысцкіх захопнікаў вызваліцелямі ад бальшавіцка-таталітарнага рэжыму.
Напрыканцы артыкулу сп. Ягорычаў падсумоўвае: «Доўг сучасьнікаў — сьвята шанаваць, аберагаць і памнажаць традыцыі старэйшых пакаленьняў. Веданьне гістарычнай праўды — наша галоўная зброя».





