![]() Алег Алкаеў |
У пятніцу на сайце былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна (www.kozylin.com) зьявіўся артыкул «Тайнае становіцца яўным» экс‑начальніка менскага сьледчага ізалятара Алега Алкаева, які цяпер жыве ў Нямеччыне.
Сярод іншага, у артыкуле, які збольшага прысьвечаны асобе Аляксандра Казуліна, зьмяшчаецца раздрукоўка размовы, якая, як сьцьвярджаецца, адбылася паміж міністрам унутраных спраў Уладзімерам Навумавым і былым спэцназаўцам Ігарам Макарам, які ў той час працаваў у выбарчым штабе Аляксандра Казуліна. Калі верыць аўдыёзапісу, вынікае, што міністар спрабаваў завэрбаваць Макара.
Неўзабаве пасьля выбараў Макар папрасіў палітычны прытулак у Нямеччыне, дзе цяпер і знаходзіцца. Ня так даўно Ігар Макар выйшаў на Алега Алкаева, прадставіўшы гэты аўдыёзапіс. У хуткім часе зьявіўся гэты артыкул Алкаева.
Зьвязацца з Ігарам Макарам нам не ўдалося, бо ён практычна цалкам абмежаваў свае кантакты. Затое на сувязь выйшаў Алег Алкаеў. Ён адразу пагадзіўся адказаць на ўсе пытаньні зьвязаныя з гэтай справай.
Алкаеў адразу заявіў, што лічыць гэтыя запісы цалкам сапраўднымі і нават не дапускае думкі, што яны могуць быць фальшывымі: «Я перакананы ў гэтым на 100 %, бо добра знаёмы і з Карпянковым, і з Навумавым. Ведаю іх манеру і стыль вядзеньня працы, таму ў сапраўднасьці гэтых запісаў нават не сумняюся».
Алкаеў расказаў, што ўпершыню гэтыя аўдыёфайлы ён праслухаў яшчэ зімой, але ў рукі яму яны патрапілі толькі тыдзень таму ад Ігара Макара, ён жа даў дазвол на іх публікацыю.
Што датычыць самога Макара, то Алкаеў наступным чынам характарызуе гэтага чалавека: «З Ігарам Макарам я крыху знаёмы яшчэ зь Менску, аднак наўскідку, магчыма, і не пазнаў бы яго, але ён мяне добра ведаў, таму і зьвярнуўся ўжо ў Германіі. Як пра спэцназаўца, гаварыць пра Макара не магу, бо ня быў разам зь ім у баях. Што да асабістых якасьцяў, то гэта вельмі сабраны і талковы чалавек. Я б нават сказаў, што ён болей падобны да немца, чым яны самі на сябе. Я наглядзеўся на шматлікіх беларускіх эмігрантаў у Нямеччыну, якія былі звычайнымі жулікамі, пра Ігара я так сказаць не магу. Гэта досыць граматны чалавек і наша высокае начальства недаацаніла яго. Яны відавочна думалі, што Макар – «салдацік сярэдняга разумовага ўзроўню». Аднак Ігар у гэтай справе відавочна перайграў».
Якім чынам Макару ўдалося запісаць размову? Алкаеў тлумачыць гэта непрафэсіяналізмам суразмоўцы.
Падзяліўся Алкаеў і сваім досьведам у працы вэрбоўкі людзей: «Я ж завэрбаваў тысячы чалавек, у асноўным крымінальнікаў і злачынцаў, ведаю, як гэта робіцца. Вэрбоўка павінна праходзіць у рэжыме адзін на адзін, нехта трэці тут відавочна лішні, як у шлюбную ноч. Гэта ўжо ня справа, калі нехта нешта ўбачыў, іншы – пачуў, а трэці – падумаў. Такая вэрбоўка ніколі ня будзе эфэктыўнай. Калі б далі заняцца гэтым упраўленьню крымінальнага вышуку, то Макар нават ня пікнуў бы, а сядзеў бы моўчкі, так бы яны ўсё прафэсійна зрабілі. Разумееце, калі ідзе працэс вэрбоўкі, то кожны з бакоў мусіць мець свае контрамеры, бо не вядома яшчэ, хто каго вэрбуе. У Макар такія меры аказаліся».
Алег Алкаеў перакананы, што грамадзкасьць не пачуе ад Уладзімера Навумава прызнаньня ў зьдзейсьненым ці рапарту аб адстаўцы. «Гэта абсалютна бессумленныя людзі. Перакананы, што Навумаў скажа, што гэта хлусьня. Памятаеце, як у яго запыталіся, ці чытаў ён рапарт Алкаева па справе зьніклых, ён адказаў, што не. Пасьля, калі высьветлілася, што ўсё ж чытаў, ён шчыра адказаў: «Ну, схлусіў. І што? Гэта жарт быў такі». Цяпер ён можа зрабіць таксама», – кажа Алкаеў.
Таксама былы начальнік менскага сьледчага ізалятара просіць зьвярнуць увагу на наступны аспэкт гэтай размовы: «Самае галоўнае ў гэтых запісах тое, што лёс Казуліна быў вядомы яшчэ задоўга да ягонага арышту. Тое, што ён патрапіць у турму, было непазьбежным. Пра гэта, сярод іншага, і казаў Навумаў Макару. Дарэчы, у пачатку чэрвеня у турме аказаўся адстаўны падпалкоўнік КГБ Міхалап – гэта блізкі сябар Казуліна. Гэты арышт таксама не выпадковы, пра яго Макару таксама казаў суразмоўца».
Цяпер адна з копій запісу размовы міністра з Макарам знаходзіцца ў былога палітвязьня Сяргея Скрабца, ён абяцае бліжэйшымі днямі выставіць іх у Інтэрнэт.
У прэс‑службе міністэрства ўнутраных справаў пакуль ніяк не камэнтуюць гэтыя падзеі.
Зьміцер Панкавец
* * *
![]() Уладзімер Навумаў |
На сайце экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна зьявіўся артыкул палітычнага ўцекача Алега Алкаева. Былы начальнік сталічнай турмы, які ў 2001 годзе атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне, публікуе расшыфроўку гутаркі, як ён сьцьвярджае, міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава з Ігарам Макарам.
Макар, былы баец спэцназу, ахоўваў у часе кампаніі Аляксандра Казуліна. У сакавіку перад выбарамі суразмоўца Макара, калі верыць запісу, спрабаваў яго перавэрбаваць або прынамсі запалохаць, каб ён адрокся палітыка, які перайшоў у апазыцыю.
Пасьля арышту Казуліна Макар пакінуў Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне.
На запісе суразмоўца Макара разважае аб прэзыдэнту Лукашэнку, выбарах 2006 году, стане органаў унутраных справаў. Лексыка пераважна нецэнзурная.
Фота Андрэя Лянкевіча





