![]() Албэрт Гор |
7 ліпеня на ўсіх сямі кантынэнтах Зямлі — у Аўстраліі (Сыднэй), Азіі (Шанхай і Кіёта), Паўночнай Амэрыцы (Нью‑Ёрк і Вашынгтон), Паўднёвай Амэрыцы (Рыа‑дэ‑Жанэйра), Антарктыдзе (дасьледчыцкая станцыя «Ратэра»), Афрыцы (Ёганэсбург), Эўропе (Лёндан і Гамбург) — 24 гадзіны нон‑стоп праходзіў экалягічны фэстываль поп‑ і рок‑музыкі. Мэтай фэсту Live Earth (Жывая Зямля) было прыцягненьня ўвагі да праблемы глябальнага пацяпленьня.
У канцэртах узялі ўдзел 150 музыкаў, а пабачыла іх траціна зямлянаў — агульная аўдыторыя фэсту склала больш за 2 млрд. чалавек (з тэлегледачамі). Выступілі артысты розных музычных кірункаў, маладыя таленты і буйныя зоркі, здольныя прыцягнуць публіку рознага ўзросту і музычных прыхільнасьцяў.
Адзін з арганізатараў фэстывалю — Албэрт Гор, былы віцэ‑прэзыдэнт ЗША і супернік Джорджа Буша‑малодшага на выбарах 2000 г. Гор абвесьціў, што канцэрты зьяўляюцца пачаткам трохгадовай кампаніі «аздараўленьня плянэты». Сёлета А.Гор арымаў «Оскар» за свой дакумэнтальны фільм пра наступствы глябальнага пацяпленьня. Гор казаў, што на канцэртах будзе выкарыстоўвацца толькі чыстая энэргія, што ўсе адкіды будуць пераапрацаваныя, а машыны, якія выкарыстаюць для дастаўкі зорак на канцэртныя пляцоўкі, будуць працаваць на экалягічна чыстым паліве.





