Напярэдадні выбараў праца незалежных інфармацыйных сайтаў можа быць паралізавана. Праграмісты шукаюць адэкватны адказ.

На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах такое здарылася — 9 верасьня 2001 г. незалежны Белнэт быў паралізаваны. Маючы аднаго правайдэра-манапаліста, такое зрабіць нескладана. Ходзяць чуткі, што гэтым разам спэцыялісты ўпраўленьня інфармацыйнай бясьпекі КДБ пайшлі далей. Нібыта гатовыя адмысловыя фільтры для павышэньня кантролю за Белнэтам. Яны зробленыя на кітайскі ўзор.

«Раней можна было блякаваць доступ беларускіх карыстальнікаў на пэўныя сэрвэры. Калі ўвядуць кітайскія глушылкі, будзе магчымасьць забараніць падлучэньне з пэўным карыстальнікам», — зазначае інтэрнэт-фундатар Вецер Мэханічны. Гэта азначае, што цікаўны, набіраючы ў пошукавіку словы «Мілінкевіч» ці «апазыцыя», ня здолее трапіць на патрэбныя сайты. Больш за тое, зьвесткі кампутара карыстальніка будуць унесеныя ў «чорны сьпіс», а доступ да сеціва абмяжуецца.

Генэральны дырэктар «Tut.by» Кірыл Валошын сьцьвярджае, што цалкам блякаваць Інтэрнэт немагчыма: «Рэальна толькі часова паралізаваць працу пэўных хостынг-цэнтраў і саміх старонак». Валошын згадвае, што на пачатку году камісія па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці прыняла рашэньне аб блякаваньні «Белтэлекамам» некалькіх расейскіх парнасайтаў. «Але такім жа чынам можа быць заблякаваны любы сайт», — дадае К.Валошын.

Ёсьць некалькі спосабаў засьцерагчыся ад віртуальнай цэнзуры. Самы просты — падпісацца на стужкі навін (усе беларускія інфармацыйныя сайты прапануюць такую паслугу). Выйсьце, для тых, хто мае свае інтэрнэт-старонкі, — RSS, ці мажлівасьць рэтрансьляцыі стужкі навін. Вецер Мэханічны бачыць у гэтым вялікія магчымасьці: «Трансьляваць навіны з інфармацыйных сайтаў можа кожны ўладальнік хатняй старонкі ці міні-сайту. Такія сайты проста фізычна немагчыма адсачыць. Толькі ўсім разам можна змагацца з гэтай навалай». Паставіць код з сайту на сваёй вэб-старонцы можа кожны праграміст. І нават калі асноўны сайт будзе заблякаваны, рэтрансьляцыя навінаў зь яго на іншых сайтах будзе працягвацца.

Трэці варыянт больш складаны, але самы эфэктыўны — скарыстацца ананімным проксі-сэрвэрам. Паслуга ананімізацыі, як правіла, платная: можна зайсьці на пэўны сайт, зарэгістравацца і ў яго абалонцы праглядаць якія хочаш старонкі — такога карыстальніка немагчыма адсачыць, і ніякі «Белтэлекам» ня можа перакрыць яму доступ. Вялікі сьпіс ананімных проксі-сэрвэраў можна знайсьці на www.epic.org/privacy/tools. Спрошчаную і бясплатную вэрсію ананімнага проксі-сэрвэра — ананімайзэр, які таксама дазваляе застацца незаўважным у Белнэце, — можна ўбачыць на http://byelarus.com/members. Добраахвотнікі распрацоўваюць яшчэ некалькі варыянтаў. На кожны крок цэнзуры, мяркуюць яны, мусіць быць адэкватны адказ. Інакш у наступным годзе Беларусь можа ператварыцца ў новую Паўночную Карэю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0