Юзаф Пятушка
Юзаф Пятушка

У нядзелю 8 ліпеня 2007 г. у касцёле Народзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Барысаве адбылося ўрачыстае ўручэнне медаля Pro Ecclesia et Pontifice (За заслугі перад Касцёлам і Папам) шматгадоваму пробашчу гэтай парафіі, Барысаўскаму дэкану ксяндзу Юзафу Пятушку, марыяніну. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Адміністратар Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, Апостальскі візітатар для грэка‑каталікоў у Беларусі кс. архімандрыт Сяргей Гаек МІС, святары і шматлікія вернікі.

Папскі медаль Pro Ecclesia et Pontifice, заснаваны Папам Львом XIII, мае ўжо больш за стогадовую гісторыю. Ён уручаецца за адмысловыя заслугі ў служэнні Касцёлу і Святому Айцу. Медаль выкананы ў форме залатога крыжа з бела‑жоўтай стужкай. На ім змешчаныя постаці святых Пятра і Паўла, тры малыя крыжы, дэвіз Pro Ecclesia et Pontifice, імя і герб папы. Гэтым медалём узнагароджваюцца як духоўныя асобы, так і свецкія каталікі, што сведчыць пра адзінства місіі ўсяго Божага Народа, незалежна ад канкрэтнага служэння, якое выконвае ў адпаведнасці са сваім пакліканнем кожны вернік.

Прадстаўнік Святога Айца арцыбіскуп Марцін Відавіч зазначыў, што гэтая ўзнагарода з’яўляецца таксама ўзнагародай, уручанай вернікам барысаўскай парафіі і ўсёй Беларусі.

Сёлета ксёндз Юзаф Пятушка адсвяткаваў пяцідзесяцігадовы юбілей свайго святарства. Ягоны лёс у многім падобны да лёсу тых старэйшых святароў, якія нарадзіліся на Беларусі, потым былі вымушаныя выехаць за яе межы, жыць і служыць Богу ўдалечыні ад радзімы, а калі з’явілася магчымасць вярнуцца — адразу ж вярнуліся і пачалі несці Божае слова і Божы спажытак тым, хто шмат гадоў быў пазбаўлены магчымасці жыць паўнакроўным хрысціянскім жыццём.

Ксёндз Юзаф нарадзіўся ў вёсцы Пераходы, на Віленшчыне. У маленстве хлопчык разам з сям’ёй жыў у Росіцы, у тым самым мястэчку, дзе падчас апошняй вайны разам з мясцовымі жыхарамі прынялі мучаніцкую смерць марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Бацька будучага святара сябраваў тады з благаслаўлёным Антоніем Ляшчэвічам, з рук якога сын Юзік прыняў Першую святую Камунію. Потым сям’я выехала ў Польшчу і, магчыма, дзякуючы гэтаму ацалела.

У 1948 г. Юзаф Пятушка ўступіў у навіцыят ордэна айцоў марыянаў і праз год склаў першыя манаскія шлюбы, пасля чаго была вучоба ў духоўнай семінарыі. 24 ліпеня 1954 года яго разам з іншымі братамі марыянамі польская служба бяспекі прымусова вывезла ў Гетшвалд. Толькі праз нейкі час ён зноў меў магчымасць працягваць вучобу ў семінарыі і адначасова ў Акадэміі каталіцкай тэалогіі. Пасля святарскага пасвячэння, прынятага ў 1957 годзе, ксёндз Юзаф служыў Богу і людзям у розных месцах: працаваў сярод студэнтаў Люблінскага універсітэта, навучаў рэлігіі дзяцей і моладзь, за што зведаў пераслед з боку камуністычных уладаў.

Ён шмат часу прысвячаў выхаванню моладзі: і тады, калі быў прэфектам марыянскай семінарыі ў Любліне, і калі пазней займаўся справамі пакліканняў у Варшаве. Падчас душпастырскай працы ў інстытуце псіхіятрыі і неўралогіі ў Варшаве, айцец Юзаф заснаваў там супольнасць адновы ў Духу Святым.

Ён не меў недахопу ў працы, ягоная служба была заўсёды цікавая і шматгранная, але ўвесь час у памяці жыў успамін пра радзіму і ўсведамленне таго, што там, на Беларусі, а таксама і ва ўсім СССР, людзі не мелі магчымасці жыць паўнакроўным хрысціянскім жыццём. Гэта падштурхнула святара ў 70‑я гады паехаць на радзіму, нібыта ў госці. Пасля былі паездкі ў 1971—1989 гг. у розныя гарады Савецкага Саюза, якія сталі своеасаблівым місіянерскім служэннем. У той час кс. Юзаф ездзіў у Варонеж, Іркуцк, Омск, Ленінрад, Мінск, Магілёў, Оршу, Рыгу, Кіеў, дзе цэлебраваў св. Імшу і ўдзяляў святыя сакрамэнты. Толькі ў Магілёве ён ахрысціў 60 дзяцей.

У місіянерскіх паездках айца Юзафа свой прынцып, які грунтаваўся на наказе аднавіцеля закона марыянаў благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча — ісці туды, дзе цяжэй. Быў у ягоным місіянерстве і вымушаны перапынак: у 1981—1983 гг., калі ў часы дзейнасці «Салідарнасці» з Польшчы было вельмі цяжка выехаць.

Кс. Юзаф быў сябрам айца Аляксандра Меня. Айцец Юзаф ездзіў да яго ў Падмаскоўе, меў з гэтым святаром не адну змястоўную размову. Потым айцец Мень па запрашэнні айца Юзафа наведаў яго ў Варшаве. Гэтых людзей аб’ядноўвалі аднолькавыя погляды на чалавека і ягонае прызначэнне ў свеце.

У 1990 годзе кс. Юзаф вярнуўся на Беларусь і ўжо семнаццаць гадоў аддана працуе ў барысаўскай парафіі Народзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён заслужыў павагу вернікаў сваёй бескарыслівай службай, сваім непатрабавальным да выгодаў (усе гэтыя гады ён жыве ў маленькім пакойчыку над сакрыстыяй) жыццём, той неабыякавасцю, з якой ён заўсёды ўспрымаў людскія праблемы. Атрыманая кс. Юзафам Пятушкам узнагарода Pro Ecclesia et Pontifice сведчыць пра прызнанне Святым Айцом яго заслугаў перад усім Касцёлам.

Ірына Жарнасек, Catholic.by

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна