30 мая быў узламаны сайт газеты «Гомельская праўда». Як паведамiлi карэспандэнту «Звязды» ў рэдакцыi абласнога выдання, на першай старонцы сайта з’явiлiся надпiсы «непрыстойнага зместу». Аднак праз некаторы час рэдакцыi ўдалося вылiчыць хакера.

Паводле слоў карэспандэнта «Гомельскай праўды» Дзянiса Свiрыдзенкi, у вынiку расследавання, праведзенага рэдакцыяй, удалося высветлiць, што шкоду сайту нанёс 15‑гадовы жыхар горада. Юнак паведамiў, што зрабiў гэта дзякуючы вiдэаролiку, якi быў зроблены невядомым i змешчаны ў адной з хатнiх лакальных камп’ютарных сетак. Гэты вiдэаролiк утрымлiваў падрабязную iнструкцыю па ўзлому сайта газеты. Дзянiс Свiрыдзенка дадаў, што рэдакцыя не знайшла аўтара вiдэаролiка. Хоць «ёсць меркаванне, што ён жыве ў тым жа раёне», у якiм знаходзiлася лакальная сетка. Што да шкоды, якая была нанесена сайту, то яна была лiквiдавана прыкладна праз паўгадзiны пасля ўзлому.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?