Апэратары тэлеканалу «Эўраспорт» больш за 100 кілямэтраў вялі па дыстанцыі беларуса Аляксандра Кучынскага пад сьцягам князя Вітаўта і Янкі Купалы.

Упершыню ў гісторыі краіны на прэстыжныя велагонкі Тур дэ Франс прабіліся беларусы — Аляксандар Кучынскі й Канстанцін Сіўцоў. Абодва спартоўцы выступаюць за замежныя клюбы. Гонкі ў жывым этэры паказваюць па «Эўраспорце». За элітнымі спаборніцтвамі сочыць увець сьвет, у тым ліку й беларускія фанаты, спартовыя чыноўнікі.

У нядзелю да экранаў прыніклі мільёны. Беларус акурат падмазваў пяткі на брытанскіх трасах. Кучынскі лідзіраваў у гонцы цягам сотні кілямэтраў. Тэлевізійнікі вялі яго па дыстанцыі пад гістарычным бел‑чырвона‑белым сьцягам, якога сёньня нашыя чыноўнікі баяцца як агня.

За 35 кілямэтраў да фінішу Кучынскага дагналі іншыя спартоўцы, з поля зроку камэр ён зьнік. У дзясятку Аляксандар не прабіўся, але здолеў заваяваць заліковыя ачкі, што для Беларусі ўжо посьпех.

— Пасьля гонкі я размаўляў з Кучынскім па тэлефоне, абмяркоўвалі інцыдэнт зь сьцягам, — кажа выканаўчы дырэктар Беларускай фэдэрацыі веласпорту Віталь Жмако. — На Тур дэ Франс беларусы спаборнічаюць упершыню. Напэўна, у Эўропе яшчэ ня ўсе ведаюць, як выглядае наш дзяржаўны сымбаль. Мы папрасілі Аляксандра падысьці да арганізатараў і пагутарыць зь імі. Спадзяемся, сваю памылку яны выправяць.

— Раней мы ніколі ня чулі пра велагоншчыка Кучнскага. Што ён зь сябе ўяўляе?

— Аляксандру 27 гадоў, ён з Воршы, трэніраваўся ў сваёй мамы Любові Сямёнаўны. Сёлета Кучынскі перамог у адной з шматдзённых велагонак. На Тур дэ Франс беларус выступае за італьянскую каманду «Ліквігаз». Дарэчы, даведаўся ён пра гэта на мінулым тыдні. Нягледзячы на гэта, Кучынскі добра падрыхтаваны, выдатна пачуваецца ў гарах.

Яшчэ адзін удзельнік Тур дэ Франс зь Беларусі — Канстанцін Сіўцоў — выступае за паўднёваафрыканскую каманду «Барлаўорлд». Сіўцоў — чэмпіён сьвету спаміж спартоўцаў у веку да 23 гадоў. Цяпер яму 24.

Тур дэ Франс паказваюць штодня ў этэры тэлеканалу «Эўраспорт».

«Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0