У Беластоку выдаюць нямала добрых кніг на беларускай мове. Але ў РБ яны амаль не прадаюцца. Вельмі шкада. Кнігі падляшскіх літаратараў — нешта выразна адрознае ад таго, што выдаецца з нашага боку мяжы.

Аўтар «Крышынак», Васіль Петручук, нарадзіўся ў 1926 у вёсцы Грабавец недалёка ад Бельска. У «Крышынках» ён проста апісвае сваё сірочае дзяцінства ў глухой вёсцы. І робіць гэта настолькі таленавіта, што адарвацца цяжка.

Жыццё тады — зусім нядаўна — было не для танкаскурых. Людзі галадуюць і хаваюць ад дзяцей кавалак хлеба.
Жанчыны родзяць дзяцей на земляной падлозе і на вачах іншых дзяцей. У калысцы немаўляці кішаць чэрві, а побач замярзае вада ў вядры… Гавораць матам-пераматам усе, у тым ліку жанчыны і дзеці, сварацца і праклінаюць адзін аднаго… Тут бацька сына б’е, душыць і рагоча, калі таму балюча. Тут праца пастушка — гэта не ідылічныя пейзажы і кароўкі з банцікамі на шыі, а вечны недасып, халодны дождж, падраныя порткі («У тэбэ з нагавыць тіело свіетыт: брыдко і гуорш зімно!» — гэта на падляшскай гаворцы). А есці ёсць толькі зялёнае шчаўе… І гнайнікі на ўсім целе, якія ніколі не праходзяць, а толькі мяняюцца месцамі. Калі нарэшце «нарве і прарвецца» адзін і выцячэ з яго кроў і гной, то побач з’яўляецца другі…
Дык гэта пекла? Зусім не. На працягу ўсяго жыцця аўтар будзе імкнуцца прыязджаць як найчасцей у родную вёску.
І пісаць ён будзе заўсёды толькі пра гэтую зямлю (у электроннай бібліятэцы «Камунікат» даступная яшчэ адна кніга сп. Петручука, «Пожня»). Сюды будзе цягнуцца ягонае сэрца і душа. (А куды будуць цягнуцца душы сучасных дзяцей? У піцэрыю ці Егіпет?)
Пасля такога дзяцінства «пуцёўка ў жыццё», выдадзеная камуністычным ладам, успрымалася як выратаванне.
Аўтар стаў афіцэрам дзяржбяспекі, які змагаўся супраць ворагаў сацыялістычнай Польшчы, у тым ліку супраць ваякаў УПА: «Ужо цяпер не скажу, што якіхсь бандытаў, бо гэта былі салдаты, так як і я».
Гэта, дарэчы, абвяргае стэрэатыпы аб тым, што ў спецслужбах няма людзей з беларускай тоеснасцю.

На пытанні, якія ўзнікаюць падчас чытання «Крышынак», аўтар не заўжды дае адказ. Але так заўсёды бывае, калі чытаеш добрыя кнігі.

***

Васіль Петручук. Крышынкі. — Prymat (Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа»): Беласток, 2009, 170 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?