Мінскае гарадское грамадскае аб’яднанне «Дыярыюш» прапануе беларускай моладзі скласці «Падручнік Свабоды». Пра гэта ў інтэрвью БелаПАН паведаміла старшыня аб’яднання Ларыса Андросік.

Сярод пытанняў, на якія прапануецца даць адказы ўдзельнікам акцыі, яна назвала наступныя: «Як разумелі свабоду вашы бацькі і дзяды?», «Што разумееце пад свабодай вы і вашы равеснікі?», «Якія традыцыі свабоды існуюць у вашай мясцовасці?», «Што сёння думаюць людзі пра свабоду?», «Якія правы і свабоды чалавека мелі месца у мінулым і сучаснасці?», «Чым адрозніваецца свабода ад несвабоды?», «Як стасуюцца свабода і выбары, як адбываліся раней і адбываюцца цяпер выбары ў вашай мясцовасці?». Акрамя таго, паводле слоў Л.Андросік, удзельнікі акцыі могуць паспрабаваць раскрыць такія тэмы, як: «Змагары за свабоду», «Помнікі свабоды ў нашым краі», «Сям’я і свабода», «Песняры (літаратары, мастакі і музыкі) і свабода».

Кожны ўдзельнік акцыі можа напісаць эсэ ці артыкул на адну з тэм. «Падрыхтаваныя тэксты, а таксама малюнкі і фатаграфіі, якія аздобяць працы, складуць аснову «Падручніка Свабоды», — сказала Л.Андросік. У якасці дапамогі яго будучым аўтарам прапануецца анкета, падрыхтаваная арганізатарамі акцыі.

«Праца аб’ёмам ад трох да шасці камп’ютэрных старонак павінна быць падрыхтавана на дакументальным матэрыяле. Гэта могуць быць успаміны землякоў ці сваякоў, лісты, мемуары, гістарычныя дакументы і сведчанні. Такім матэрыялам можа паслужыць і ўласны жыццёвы досвед», — зазначыла Л.Андросік. Яна мяркуе, што «Падручнік Свабоды» дапаможа моладзі асэнсаваць досвед продкаў, выбраць свой жыццёвы шлях, плённа ўдзельнічаць у жыцці грамадства. «А айчынным грамадска‑палітычным дзеячам кніжка дапаможа лепш разумець сучасную беларускую моладзь», — падкрэсліла Л.Андросік.

Працы трэба перадаць у аб’яднанне да 1 кастрычніка.

БелаПАН

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна