Алесь Разанаў. Горад

Горад горды i высакародны: ён стаіць на высокім месцы — на ўзгорку, на грудзе, і, адгароджваючыся ад навакольнага асяродка вежамі i сцяною, не адлучаецца ад яго, а вылучаецца з яго — як яго цэнтр, сярэдзіна, сарцавіна.

Ён — бесперапыннае пераўтварэнне дольняга ў «горнае», мінулага ў «градучае», ён — іхнія народзіны, i таму ўсе позіркі скіроўваюцца да яго, i таму ўсе дарогі сыходзяцца ў ім, i таму ўсім крывічам i радзімічам ён нібы ўзнагарода, родны i дарагі.

Горад загартаваны ў горне розных нягод i прыгод, ён перагараджае ордэну i ардзе дарогу да валадарства, i калі на ўсё горла ворагі прадракаюць: «Гора — гораду!» i абрушваюць на яго град камянёў i стрэлаў, горад адказвае ім пагардай.

Да горада горнуцца вёскі, лясы, пасады, палі, агароды, i ён з’ядноўвае ix у радзіму, a разнаісную грамаду — смердаў, рамеснікаў, гандляроў — гуртуе ў народ. I нават калі горад знішчаецца дашчэнту, згарае да гарадзішча, народ i радзіма становяцца тым радовішчам, з якога ён адраджаецца зноўку.

У горадзе валадарыць Рагвалод, горад радуецца Рагнедзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0