З адказаў Паўла Якубовіча на пытаньні аглядальніка радыё «Свабода» Юр’я Дракахруста ў праграме «Праскі акцэнт».
«10 гадоў таму я браў вялікае інтэрвію ў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І ён тады сказаў: «Я ў чымсьці разумею канцлера Лява Сапегу. Перад мною стаяць ў пэўным сэнсе тыя ж праблемы». І сапраўды, у Беларусі шмат у чым праблемы тыя ж, што былі ў Вялікага Княства Літоўскага.
У студзені сёлета нашу краіну: і левых, і правых, і праваслаўных, і каталікоў, – «Газпром», як браніраваны кулак, спрабаваў паставіць на калені. Прычым вельмі прагматычна: ці здавайце вашу прамысловасьць нашым прадпрымальнікам ці мы адключаем вам газ. Дзякаваць Богу, у адказ гэтыя людзі атрымалі цьвёрдую і халодную непахіснасьць, хаця, зразумела, ані праблема ня вырашаная, ані больш шырокае пытаньне гістарычнага выбару.
Захад гэтак жа холадна паставіўся да гэтай сытуацыі, маўляў, вы там блізкія адзін да аднаго, дык і вырашайце свае справы, а мы з плоту паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца. Гэта першае маё удакладненьне.
Другое – наконт расейскага князя Івана Каліты. Ён у гісторыі застаўся неадназначнай фігурай, але, на мой погляд, галоўнае ў ягонай дзейнасьці было не тое, што ён далучыў некалькі княстваў да свайго Маскоўскага, а тое, што захаваў дзяржаўнасьць і выхаваў у людзей , асабліва ў моладзі, поўную адсутнасьць страху перад Ардой. І таму, калі ён памёр, зьявіліся і Сергій Раданескі, і Дзьмітры Данскі.
Мне здаецца, галоўная заслуга Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў тым, што ён захаваў Рэспубліку Беларусь, захаваў чалавечы, духоўны патэнцыял, зь якога ўсё потым створыцца: і грамадзянская супольнасьць, і ўпэўненасьць, што мы беларусы і Масква для нас – сталіца вельмі дружалюбнай дзяржавы, але ня больш таго. Гэтак, як і Варшава. Што мы – частка Эўропы. Але гэты пэрыяд трэба перажыць.
Сьвятлана Алексіевіч, як буйны літаратар, выказала тое, што хвалюе нас усіх – нас чакаюць цяжкія часы. І рыхтуючыся да гэтых часоў, неабходная ўнутраная кансалідацыя. І тое, што такая кансалідацыя ёсьць, на мой погляд, – галоўная заслуга Лукашэнкі і часу Лукашэнкі, пры ўсіх экстравагантнасьцях прапаганды, нехлямяжасьці літаратараў і кампазытараў, адсутнасьці агульнанацыянальных дыскусій. Я, дарэчы, за іх. Польшча сваім «круглым сталом» паказала, як гэта важна. Але самае галоўнае, што вырастае новы народ».
Радыё «Свабода», Праскі акцэнт.





