Як і чакалася, ён аказаўся не такім жорсткім, як тое вынікала з слоў афіцыйнага кіраўніка, сказаных звопалу падчас наведвання «Барысаўдрэва». Ніякага турэмнага зняволення за сыход з працы не прадугледжваецца. Проста

ўсіх работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюцца, перавядуць на кантракт. І кантракт не звычайны.

Дэкрэт № 9 «Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці» Лукашэнка падпісаў 7 снежня.

Згодна з дэкрэтам, датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з ініцыятывы работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджана ў старшыні абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта.

Каб падсаладзіць пілюлю, работнікам дадаткова да прадугледжанай кантрактам зарплаты абяцаюць штомесячныя грашовыя выплаты. У выпадку парушэння работнікамі працоўных абавязкаў і звальнення за благія дзеянні сума атрыманай імі за перыяд работы штомесячнай грашовай выплаты падлягае вяртанню.

Сума даплат не агаворваецца.

Пры незвароце дадзеных выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца па рашэнні суда з іх працоўнага заробку па новым месцы працы. Тыя ж, хто звальняецца без афіцыйнага працаўладкавання з запісам у працоўнай кніжцы, падлягаюць працаўладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх зарплаты.

Сярэдняя зарплата на «Барысаўдрэве» складала 2 мільёны 600 тысяч рублёў (каля 300 даляраў), і гэта сярэдні для Беларусі ўзровень.

Каб зводзіць канцы з канцамі, працоўныя такіх прадпрыемстваў перыядычна выязджаюць на заробкі ў Польшчу, Расію ці на будоўлі Мінска. Там атрымоўваецца зарабляць у разы больш. А на зімовы сезон людзі зноў вяртаюцца на працоўныя месцы. Хай і невялікі заробак, але іншага няма. Новы дэкрэт адсякае ў людзей гэтую магчымасць падпрацоўваць.

Лідары незалежных прафсаюзаў бачаць у новым дакуменце небяспекі. Па-першае, ён узмацняе і без таго абсалютную неабароненасць работніка перад наймальніцай-дзяржавай. Па-другое,

нормы дэкрэта становяцца прэцэдэнтам, які лёгка распаўсюдзіць на ўсе астатнія катэгорыі прадпрыемстваў.
І, па-трэцяе, дэкрэт прывязвае рабочых да афіцыйнага месцы працы. Магчымасць «лавіць падпрацоўкі» развязвала чалавеку рукі і рабіла яго больш незалежным і фінансава абароненым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?