* * *
Тут дзіўны храм адбіўся у вадзе,
гляджу вакол – няма яго нідзе,
адбітак ёсьць, а сьценаў храму – не.
Глыбінь пагляд зацягвае мяне.
Якое там прадоньне вышыні!
Якое там прадоньне цішыні!
Там лёгка дыхаць, плённа працаваць,
там рыбы ў небе птушкамі крычаць,
там праўда ёсьць, але мяне няма.
І я туды ўцякаю, бо мана
сьцякае з дрэў, цьвярдзее, як смала.
Гляджу, куды дарога завяла:
палын, тады дзядоўнік, крапіва...
Як неба, стала яснай галава.
Як неба, пасівела галава.
Дарма ішлі, бо дзеліцца на два
дарога. І канца тады няма.
Ты скажаш, што ішлі сюды дарма.
А храм? А вечнасьць і спакой?
А неба, што мага дастаць рукой?
Няўжо нічога шлях сюды ня варт?
Няўжо не здабылі мы плён і гарт?
Тут з Богам цішынёю гавару
і ў вогнішчы зары гэтай згару.
30 чэрвеня 2012 г.