Каракас мае намер укласьці 500 мільёнаў даляраў у стварэньне вэнэсуэльска-беларускага інвэстыцыйнага фонду.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у прэс-цэнтры Дзяржаўнага сакратарыяту Рады Бясьпекі Беларусі, у складзе беларускай дэлегацыі — кіраўнікі шэрагу міністэрстваў і прадпрыемстваў.

Першыя перамовы дзяржсакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман правёў зь міністрам базавай і гарнаруднай прамысловасьці Вэнэсуэлы Хасэ Канам, міністрам энэргетыкі і нафты Рафаэлем Рамірэсам, міністрам інфраструктуры Хасэ Кабэля, міністрам жытла і жылога асяродзьдзя Рамонам Карсалесам, міністрам абароны Ранхелем Брысэньё.

Вэнэсуэла гатовая набываць беларускую прадукцыю, а таксама ствараць на сваёй тэрыторыі супольныя прадпрыемствы па здабычы нафты, вытворчасьці аўтатрактарнай, дарожнай, кар'ернай і пабытовай тэхнікі, будаўнічых матэрыялаў і іншых вытворчасьцяў, у тым ліку ў сфэры паслуг.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс носіцца з праектамі стварэньня ў краіне «200 сацыялістычных прадпрыемстваў». Ён зьбіраецца будаваць у краіне сацыялізм. Таксама ён разгортвае закупкі зброі, рыхтуючыся да «вайны супраць сусьветнага імпэрыялізму». Чавэс вядзе актыўную антыамэрыканскую прапаганду, нягледзячы на тое, што ЗША застаецца галоўным спажыўцом вэнэсуэльскай нафты.

Чавэс карыстаецца зь вялізных даходаў ад продажы нафты, на якую Вэнэсуэла багатая. Ён падтрымлівае фінансава Кубу Фідэля Кастра. Узамен Куба наладжвае ў Вэнэсуэле сыстэму аховы здароўя.

У Вэнэсуэле ўжо дзейнічае вытворчасьць «баліварыянскіх кампутараў» на заводзе, збудаваным кітайцамі. Днямі быў адкрыты завод па выпуску іранскіх аўтамабіляў «Саманд». У гэтым шэрагу стаіць і жаданьне Чавэса наладзіць выпуск трактараў МТЗ, грузавікоў МАЗ і іншых тавараў, тэхналёгіі для вытворчасьці якіх мае Беларусь. На думку Чавэса, сацыялізм магчымы ў выпадку самадастатковасьці вэнэсуэльскай эканомікі. Падобныя праграмы індустрыялізацыі ў свой час рэалізоўваў Сталін.

Эканамісты скептычныя ў ацэнках будучыні гэтай праграмы. Многія лічаць, што з падзеньнем цэнаў на нафту Вэнэсуэла страціць магчымасьць ажыцьцяўляць яе.

У свой час Савецкі Саюз зарабляў, адпраўляючы спэцыялістаў на будоўлі ў краіны Трэцяга сьвету. Нешта падобнае рыхтуецца ў беларуска-вэнэсуэльскіх адносінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?