У 70‑я гады мінулага стагодзьдзя жартавалі — замест камунізму ў СССР будзе Алімпіяда. У гэтага жарту быў сур’ёзны тэарэтычны грунт.

Нацыянальная алімпійская ідэя

Брэжнеў: «О!…О!…О!..» Памочнік (шэптам): «Леанід Ільліч, гэта ня літары, гэта алімпійскія кольцы»
Савецкі анэкдот

У 70‑я гады мінулага стагодзьдзя жартавалі — замест камунізму ў СССР будзе Алімпіяда. У гэтага жарту быў сур’ёзны тэарэтычны грунт. На ХХІІ зьезьдзе КПСС (1962) Хрушчоў паабяцаў, што камунізм у Савецкім Саюзе ў асноўным будзе пабудаваны да 1980 году. Прапаноўвалася нават занесьці гэты пункт у Праграму кампартыі. Потым ачомаліся. Спачатку абвесьцілі тое, што выйшла, разьвітым сацыялізмам, а ў 1980‑м правялі ў Маскве ХХІІ‑я летнія Алімпійскія гульні…

Гэтак і Расея ў нашыя дні, выглядае, знайшла замену нацыянальнай ідэі, якую шукала апошнія пятнаццаць гадоў. Гэта ХХІІ‑я (зноў супадзеньне лічбаў!) зімовая алімпіяда ў Сочы. Хаця, калі меркаваць паводле расейскіх СМІ, гэта не зусім і замена — гэта і ёсьць тая ідэя, якая сёньня аб’яднала нацыю. Цяпер расейцы ды ўвесь сьвет ведаюць, якую грандыёзную мэту ставіў перад краінай Пуцін. І які сэнс, увогуле, мае гісторыя Расеі. Некалі Сочы, як і Масква, былі сымбалем спраўджанай мары пра камунізм, куды імкнуліся патрапіць усе савецкія працоўныя — адпачыць ці набыць сухой каўбасы. Сёньня на нашых вачох нарадзілася легенда пра Сочы як горад мільянэраў, смарагдавы горад ля мора й гор. А Пуцін — яго чараўнік.

«Знал бы прикуп — жил бы в Сочи».
Расейскі фальклёр

Калі гаварыць сур’ёзна, дык рашэньне МАК правесьці алміпяду‑2014 у Сочы стала сапраўдным посьпехам для Расеі, здабытым у роўным і нялёгкім спаборніцтве зь іншымі прэтэндэнтамі (што выразна кантрастуе з практыкай прыняцьця рашэньняў у самой РФ). І гэтым посьпехам яна абавязаная, найперш, свайму прэзыдэнту Пуціну, які бліскуча выступіў на прэзэнтацыі ў Гватэмале па‑ангельску і па‑француску. Праўда, калі ён паабяцаў сьнег у Сочы, згадалася, чамусьці, што нешта падобнае, толькі пра дождж, мы ў Беларусі ўжо калісь чулі.

А яшчэ падчас прэзэнтацыі, калі выступаў прэзыдэнт МАК Жак Рог, калі задаваў свае пытаньні расейскай дэлегацыі прынц Альбэр, падумалася: а дзе ж прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі? Ягоныя памочнікі ў справе піяру павінныя былі, мабыць, локці сабе кусаць у той момант — упусьцілі такую магчымасьць выхаду кіраўніка Беларусі на сусьветную арэну! Але ж, напэўна, таму і не паехаў зь Беларусі ў Гватэмалу лепшы сябра венэсуэльскага прэзыдэнта, што гэта быў не ягоны зорны час. Дый Красная Паляна — не Нагана.

Але ж алімпійская дэлегацыя Беларусі аддала свой голас за Сочы. Што немалаважна: расейская заяўка перамагла з адрывам усяго ў чатыры галасы. Ці будзе гэты факт асаблівым чынам адзначаны Масквой і аддзячаны ў наступным — іншае пытаньне.

Вышэй, хутчэй, мацней!

Спэкуляцыяў вакол выбару МАК шмат. Кажуць, напрыклад, што гэта прэзыдэнт ЗША Буш гарантаваў расейскаму калегу выбар Сочы ў абмен на нейкія палітычныя саступкі. Апрача таго, што Джордж Буш, адрозна ад некаторых іншых прэзыдэнтаў, ня мае дачыненьня да алімпійскага руху і што Злучаным Штатам, па вялікім рахунку, да лямпачкі, дзе будуць аліміпійскія гульні 2014 г. (паколькі алімпіяда ў Солт‑Лэйк Сыці была ў ЗША зусім нядаўна), ёсьць яшчэ адзін доказ, што ніякай «змовы прэзыдэнтаў» няма. Усе палітычныя аглядальнікі ў адзін голас адзначаюць, што сустрэча Пуціна з Бушам у Кэнэбаркпарце, які расейскі прэзыдэнт наведаў перад Гватэмалай, ня стала ніжняй кропкай у пагаршэньні стасункаў паміж ЗША і Расеяй. І чакаць паляпшэньня гэтых стасункаў у перадвыбарны пэрыяд не даводзіцца. Літаральна наступным днём пасьля прапановы Пуціна амэрыканцам стварыць агульную станцыю ПРА на поўдні Расеі, віцэ‑прэмьер Іваноў паабяцаў — калі Вашынгтон не прыслухаецца да расейскіх прапановаў і не адмовіцца ад устаноўкі радараў у Польшчы й Чэхіі — Масква паставіць ракеты сярэдняга радыюсу ў Калінінградзкай вобласьці.

І вось тут міжволі ўспомніш алімпіяду 1980‑га ў Маскве. Заплянаваная ў гады разрадкі міжнароднай напружанасьці, яна пачалася меней як праз год пасьля ўварваньня савецкіх войскаў у Аўганістан. ЗША, вядучыя эўрапейскія краіны заклікалі да байкоту Маскоўскае алімпіяды. Праўда, некаторыя перавагі сацыялізму над капіталізмам далі аб сабе знаць. Аліміпійскія камітэты ды нацыянальныя фэдэрацыі асобных відаў спорту некаторых заходніх краінаў, асобныя спартоўцы байкот праігнаравалі — прыехалі плыўцы з Аўстраліі, пяціборцы й коньнікі з Англіі, яшчэ нехта. Тым ня менш, аліміпійскія гульні былі безнадзейна сапсаваныя. Якая радасьць ад алімпійскіх мэдалёў (сярод уладальнікаў якіх быў і беларус — канаіст Парфяновіч), калі ў большасьці відаў, асабліва ў лёгкай атлетыцы, у савецкіх спартоўцаў не было сапраўдных канкурэнтаў зь вядучых краінаў Захаду? Затое мэдалі дажджом сыпаліся на сяброўскія сацыялістычныя краіны — Баўгарыю, Вугоршчыну, ГДР, ЧССР. Палякі дасягнулі тады, імаверна, найбольшага посьпеху ў гісторыі алімпіядаў (напрыклад, залатога мэдалю ў скачках у вышыню Польша ня мела ніколі ні да, ні пасьля Алімпіяды‑80). А няўдзячныя палякі потым вазьмі ды ўтвары ў сябе «Салідарнасьць» адразу па заканчэньні Алімпійскіх гульняў!..

Але ж СССР жорстка адпомсьціў амэрыканцам (а разам зь імі й палякам ды шмат каму яшчэ). Усяго праз чатыры гады савецкі алімпійскі камітэт, а заадно — алімпійскія камітэты сацыялістычных краінаў — байкатавалі летнюю Аліміпіяду ў Лос‑Анджэлесе. І тут ужо ніякіх выключэньняў у выглядзе пазыцыі асобных фэдэрацыяў ці спартоўцаў быць не магло — байкот быў татальны. Толькі непакорлівая Румынія Чаўшэску паслала ў ЗША сваіх спартоўцаў. (Барацьба румынскіх гімнастак з амэрыканкамі стала ўпрыгожаньнем турніру. Румынкі выйгралі каманднае першынства, абсалютнай чэмпіёнкай стала гімнастка з ЗША.

На канале «Лад» нядаўна можна было бачыць найбольш цікавыя моманты тае «прапушчанай» Алімпіяды ў Лос‑Анджэлесе.)

Тым ня менш, сам прынцып алімпізму быў сур’ёзна падарваны.

«До свиданья, наш ласковый миша…»

Выявілася, што адлучыць спорт ад палітыкі ва ўмовах глябальнага процістаньня звышдзяржаваў немагчыма. Параза савецкіх хакеістаў ад маладой зборнай ЗША на зімовай Алімпіядзе 1980‑га (тады яшчэ летнія і зімовыя гульні праводзіліся ў адзін год) успрымалася ў СССР амаль як параза ў вайне, як нацыянальная катастрофа. Можна толькі ўявіць, што казалі б сёньня ў Расеі, калі б заяўка Сочы была адхіленая.

Белая Алімпіяда 1984‑га ў Сараеве супала са сьмерцю Юр’я Андропава. Што не перашкодзіла трансьляцыі гульняў у Савецкім Саюзе. А вось ад паказу летняй Алімпіяды ў Лос‑Анджэлесе Масква адмовілася, што выклікала незадаволенасьць савецкіх заўзятараў. Так пачыналася агонія камуністычнага рэжыму.

Ня варта тут праводзіць паралелі ды рабіць пасьпешлівыя высновы, быццам пасьля Алімпіяды ў Сочы ў Расейскай Фэдэрацыі пачнецца новая перабудова і дэмакратызацыя. Усё‑такі крамлёўскае кіраўніцтва — ня брэжнеўскае. Яно, прынамсі, нашмат маладзейшае.

Але цікава ўсё ж, у якім стане Расея падыдзе да 2014‑га. Ці сапраўды Алімпіяду ў Сочы будзе адчыняць, як цяпер многія прадказваюць, Уладзімер Пуцін? Калі так, дык у якасьці каго? Ці сапраўды Алімпіяда дасьць штуршок разьвіцьцю расейскага Поўдня, супакоіць Каўказ? І самае цікавае — ці паедуць у Сочы спартоўцы ЗША, Польшчы, краінаў Балтыі, не баючыся быць аблітымі фарбай «нашымі», альбо зьбітымі расейскімі нацыянал‑патрыётамі, якія адчуваюць сябе ў Краснадарскім краі асабліва раздольна? Ці ня будзе падставаў у Захаду для новага байкоту?

Сёньня цяжка нават сказаць зь цьвёрдай пэўнасьцю, што ў Алімпіядзе‑2014 будзе ўдзельнічаць нацыянальная зборная Беларусі. Хто дасьць гарантыю, што ў Сочы мы не пабачым аб’яднаную каманду «саюзнай дзяржавы» пад агульным сцягам? А можа, наадварот — для таго, каб паехаць у Расею, беларусам патрэбная будзе віза, і атрымаць яе будзе не лягчэй, чым цяпер грамадзянам Грузіі?

Сем гадоў — не такі вялікі тэрмін. Але хто мог падумаць у 1980‑м, з замілаваньнем гледзячы на алімпійскае медзьведзяня, якое махала ўсім лапай на разьвітаньне, што гэта Савецкі Саюз адыходзіць у нябыт? Вось толькі мара пра камунізм — хаця б у адным, асобна ўзятым горадзе, хаця б у выглядзе гульняў — усё яшчэ жыве.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0