Прачытаў урывак з новага рамана Уладзіміра Някляева. І скаланулася памяць.

Стылягі... дысідэнты... паэты... філосафы... геніі...

Зладзеі, шпікі, ціхары, правакатары і сексоты...

Мастацтву дазволена не лічыцца з тым, што амаль нікога, каго згадвае творца, ні ў Мінску, ні на свеце ўжо няма.

Але ёсць тумба.

І чаго я прычапіўся да таго, што на пачатку 60-х вершы чыталіся не на прыступках тэатра Юнага гледача, як піша Някляеў, а з бетоннай тумбы ля кінатэатра «Піянер»?

Ці, можа, гэта не я, уражаны ўласнай бессаромнасцю, нахабна ўзлез аднойчы на тую тумбу і, падхоплены вершаванай плынню, намагаўся выкрычаць праз сціснутае горла свой адзіны на тую часіну верш?

Не, мяне не душыла прага ні паэтычнага, ні тым больш дысідэнцкага, як сталі пісаць пазней, самавыяўлення. Толькі помста Вадзіму, якога я заўважыў у натоўпе поруч з прыгажуняй Вікай, таксама былой аднакласніцай...

...1956 год, ці то канец сакавіка, ці то пачатак красавіка, і я, быццам упершыню ў жыцці, чую, як трашчыць, ламаецца лёд на Свіслачы, і натхнёна складаю верш:
«...Не верьте кандалам! Кто был хоть раз закован в стальные цепи зла, молчания и сна, тот знает, как весна нужна, чтоб лёд был сломан... Не верьте кандалам! Придет весна!» — і спяшаюся ў школу, дзе з паўгода ўжо навічок, і, забіўшыся ў цёмны канец калідора, чытаю, размахваючы рукой, Вадзіму —прызнанаму лідару класа, камсоргу і рэдактару насценнай газеты. «Здорава!», — гаворыць ён і чамусьці расшпільвае аплікі стаячага каўнера школьнага кіцеля...

Ён быў вельмі прыгожы, наш камсорг, чымсьці нагадваў маладога Маякоўскага. І гэны кіцель, які сляпуча блішчэў нашараванымі крэйдай гузікамі...

Як я зайздросціў ягонаму ўладальніку, маўкліва пагаджаючыся з тым, што яму, сыну міністра, выдатніку і непадкупнаму прыхільніку камсамольскай маралі, па рангу належыць быць першым у нашэнні новай школьнай формы мышынага колеру, уключаючы фуражку з лакавым брылём...

Але што кіцель, калі ў яго была Віка, на якой усё часцей затрымліваўся мой позірк?!

...«Здорава!», — усклікнуў ён. А ўвечары класная настаўніца пакінула мяне пасля ўрокаў. «Ану, ану, — вочы яе прамяніліся шчырай цікавасцю і сабранай у маршчыністую сетачку дабрынёй. — «Што ты там наскладаў?» Я маўкліва працягнуў сшытачны лісцік. «Сам, скам пачытай... Што ж, нядрэнна. Толькі вось кайданы... Ну, якія ў наш час могуць быць кайданы? І якое зло? Што ты маеш на ўвазе? Ты што, не разумееш, што гэта палітычна непісьменна, - сухія пальцы пабеглі па сталу, - і нават палітычна шкодна! Табе ж уступаць у камсамол...»

Халодны пот струменіўся ў мяне па спіне.
Подлы страх, што мяне могуць не прыняць, прасочваўся ў душу, прымушаючы мармытаць у апраўданне, што нічога такога я не меў на ўвазе, што гэта ўсяго толькі лёд ды цурчанне талай вады ў блакітных прамывінах... «Ну, добра, — пальцы яе загнуліся ў пабялелых костачках. — Спадзяюся, сам зразумееш. Толькі гэта трэба даказаць справай. Мы з Вадзімам хочам даць табе камсамольскае даручэнне. У цябе ж няма даручэнняў? Дык вось. Але ўлічы — яно сакрэтнае. Ты павінен будзеш дакладаць нам пра ўсё, што гаворыцца і што робіцца ў класе. Спадзяюся, ты разумееш, што мы павінны ведаць пра ўсё? — позірк яе займеў жорсткую дзелавітасць і спакойную ўпэўненую адкрытасць. — Гэта твой доўг!»
Не ведаю, адкуль — магчыма, з жульвернаўскіх альбо джэклонданаўскіх кніжак, ці мо з дваровых гульняў — знайшліся ў мяне сілы гарачліва ўсклікнуць, што ніколі не быў і не буду даносчыкам.
«Як хочаш, — яна паціснула плячыма. — Ты мяне не так зразумеў. Толькі ўлічы — паміж намі. А даручэнне я табе дам іншае. Будзеш рабіць палітінфармацыі. Згода?» І яна ласкава падпіхнула мяне да дзвярэй...

Я нядрэнна рабіў палітінфармацыі. Тэмай нумар адзін быў ХХ з’езд КПСС і выкрыццё культу асобы. А 22 красавіка, у дзень нараджэння Леніна, мяне прынялі ў камсамол. Характарыстыку пісаў Вадзім. У ёй было сказана, што я добра разбіраюся ў палітыцы і складаю вершы...

...Нешта канчаткова сціснула горла, я папярхнуўся і пад жарты сяброў пачаў злазіць з тумбы, шукаючы вачамі Вадзіма з Вікай. Але іх нідзе не было...

Выплылі яны аднекуль з цемры жыцця праз пяцьдзясят гадоў пасля заканчэння школы, на апошнім традыцыйным зборы.
Вядома было, што пэўны час ён круціўся на нейкай дробнай партыйнай пасадзе, потым абараніў дысертацыю і стаў выкладчыкам у адным з інстытутаў. Хадзілі чуткі, што дысертацыю па нейкай марксісцка-ленінскай метадалогіі напісаў яму за грошы Кім Хадзееў. Праз колькі год, пры Андропаве, Вадзіма судзілі за хабар. Адседзеўшы, пачаў піць. Разам с Вікай, якую нават пазнаць было ўжо амаль немагчыма...
А Вадзім, сівы і п'яны, лез да ўсіх абдымацца і запытальна дзёўб адно і тое ж: «Ты ж разумееш, што я — ахвяра?» Потым усклікнуў за агульным сталом: «Усе мы ахвяры!»...

Праз год ці два памёр.

Але першай адышла Віка.

...Дзіўная ўсё ж такі з’ява — чалавечая памяць. З цягам часу ператвараецца ў «белага карліка», губляючы жыватворную гарачыню, сціскаецца да невялічкай плямкі, амаль нераспазнавальнай у бездані космасу. І раптам выплесне жывы пратуберанец, асвеціць прастору пражытага жыцця і апячэ подыхам мінулага Часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?