У аўторак Аляксандр Лукашэнка вызваліў са сваёй пасады старшыню КДБ Сцяпана Сухарэнку. Адначасова з ім сваёй пасады пазбавіўся і яго першы намеснік Васіль Дземянцей. У загадзе прэзідэнта, які размешчаны на афіцыйным сайце кіраўніка дзяржавы, сціпла паведамляецца, што абодва кіраўнікі спецслужбы звольнены ў сувязі з пераходам на іншую працу.

Сцяпан Сухарэнка працаваў шэфам КДБ ад 2005 году. І за гэты час паспеў зрабіць нямала. Усе памятаюць скандалы з латвійскім дыпламатам‑гомасэксуалістам і з высылкаю пратэстанцкіх святароў, суды над маладзёвымі актывістамі з незарэгістраваных арганізацый «Партнерства» і «Малады фронт», прыняцце закону «Аб супрацьдзеянні экстрымізму» і папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць адказнасць за дыскрэдытацыю дзяржавы за мяжою — гэта толькі невялічкая частка з таго, што паспеў зрабіць Сухарэнка за два гады.

Пра магчымую адстаўку старшыні КДБ казалі ўжо некалькі месяцаў. Першым, хто пісаў пра гэтыя чуткі, быў інтэрнэт‑рэсурс «Беларускі партызан». Менавіта на гэтым сайце з’явілася інфармацыя пра арышты трох паўкоўнікаў КДБ, якія, акрамя службы, займаліся яшчэ і прыватным бізнэсам пад дахам дадзенай спецслужбы.

‑ Калі мы пісалі пра глупства, непрафесіяналізм і ідыятызм супрацоўнікаў КДБ пад кіраўніцтвам Сухарэнкі, нас апаноўвалі неадназначныя пачуцці. З аднаго боку, немагчыма было ціха глядзець на гэта і маўчаць, усім было зразумела, што адстаўка Сухарэнкі непазбежная. З іншага боку, нам не вельмі хацелася звяртаць увагу на ідыятызм у дзеяннях беларускага КДБ, таму што такі старшыня — гэта быў падарунак для беларускай апазіцыі, — сказаў Рацыі каардынатар праекта «Беларускі партызан», вядомы журналіст Павел Шарамет.

Таму, на яго думку, можа быць, упершыню за апошнія гады Лукашэнка прыняў цалкам слушнае кадравае рашэнне:

‑ Я лічу, што кіраваць такімі складанымі і небяспечнымі міністэрствамі, як КДБ павінны, як мінімум, адэкватныя людзі. Яны мусяць быць не толькі падрыхтаванымі прафесіянальна, але быць псіхічна здаровымі і псіхалагічна ўстойлівымі. Яны таксама не павінны быць несумленнымі і подлымі.

Незалежны журналіст Раман Якаўлеўскі, які часта звяртаецца ў сваіх публікацыях да дзейнасці спецслужб, наадварот, кажа, што Сцяпана Сухарэнку ніякім чынам нельга падазраваць у непрафесіяналізме:

‑ Я хацеў б нагадаць, што Сухарэнка быў самы малады генерал КДБ. Калі я не памыляюся, то свае генеральскія пагоны ён атрымаў у 42 гады. І яго прафесійныя якасці спатрэбіліся. Таму я б так не казаў: прафесіянал ці непрафесіянал. Тут гаворка ідзе зусім пра іншае.

На думку Рамана Якаўлеўскага, хутчэй за ўсё Сцяпан Сухарэнка стаў ахвярай межведамасных разборак:

‑ Тое, што мы назіраем апошнім часам, а менавіта — розныя скандалы, калі спачатку МУС арыштоўвае якіхсьці супрацоўнікаў КДБ, а потым КДБ садзіць супрацоўнікаў МУС — усё гэта сведчыць пра сур’ёзную вайну паміж спецслужбамі. І гэта пагражае нацыянальнай бяспецы краіны.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што былы кіраўнік КДБ разам з іншымі высокапастаўленымі супрацоўнікамі спецслужб займаўся бізнэсам і не заўсёды дзяліўся з «цэнтрам». Таму так хутка скончылася эпоха яго кіравання Камітэтам дзяржаўнай бяспекі:

‑ Па нашай інфармацыі, не без удзелу спецслужб у Расіі былі створаныя падстаўныя фірмы, праз якія беларускім чыноўнікам прапанавалі весці бізнэс. А пасля іх саджалі за краты. Але, акрамя функцыі прынады, гэтыя ж самыя камерцыйныя структуры займаліся сапраўдным бізнэсам, і, магчыма, грошы ад яго не заўсёды траплялі назад ў Беларусь.

Што тычыцца новага старшыні КДБ — былога кіраўніка службы бяспекі прэзідэнта Юрыя Жадобіна, то ўсе эксперты кажуць, што наўрад ці ён будзе закручваць шрубкі больш за папярэдніка. Прынцыпова дзейнасць гэтай сілавой структуры не зменіцца.

‑ КДБ застанецца такой жа закрытай структурай, без усялякага грамадскага кантролю. І адным з прыярытэтаў КДБ застанецца палітычная адсочка і кантроль за дзейнасцю апанентаў рэжыма, — упэўнены Анатоль Лябедзька.

Некаторыя эксперты прагназуюць, что хуткім часам Сцяпан Сухарэнка можа, як яго папярэднік Леанід Ерын, апынуцца ў Маскве і заняцца бізнэсам. Іншыя не выключаюць, што ён яшчэ вернецца ва ўладу на новай пасадзе. Але ў тое, што былы старшыня КДБ можа апынуцца на лаве падсудных, не верыць амаль усе.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя

Фота Беларусь-ФОТО

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0