Гарадзенскія ўлады у другі раз адмовілі беларускаму скульптару Генадзю Лойку правесці ў горадзе ІХ мастацкі пленэр «Легенда з пяску».

Начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Генадзь Жалязняк у размове з БелаПАН матываваў адмову выбарам месца мяркуемага правядзення мастацкай акцыі і яе тэматыкай. Чыноўнікам не спадабалася тэма акцыі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», названай у гонар аднайменнага рамана класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.

Правядзенне акцыі ў Гродне гэтым разам планавалася на 20‑22 чэрвеня з удзелам мінскіх школьнікаў, студэнтаў і выпускнікоў ВНУ. На беразе ракі Нёман арганізатары хацелі стварыць з пяска вобраз Хрыста, які ляжыць тварам уніз і абдымае гарадзенскую зямлю.

Нагадаем, напачатку пленэр «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» меўся адбыцца ў Гродна з 13 па 15 ліпеня. Аднак і тады арганізатары пленэру, сярод якіх актывісты Руху «За Свабоду», атрымалі адмову ад гарадзенскіх уладаў на яго правядзенне.

Паводле milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0