Удзел дзяцей і моладзі ў гуртках і секцыях ва ўстановах дадатковай адукацыі плануецца зрабіць платным. Аб гэтым паведаміла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна.

Паводле яе слоў, цяпер дзеці могуць наведваць любыя гурткі і секцыі бясплатна. Рашэнне перавесці іх на платную аснову звязана з неабходнасцю эканоміі бюджэтных сродкаў. Новаўвядзенне набудзе моц з пачатку наступнага навучальнага года.

Мінадукацыі пачало фарміраванне пераліку сацыяльна значных аб’яднанняў па інтарэсах для ўстаноў дадатковай адукацыі. Мяркуецца, што ўдзел у некаторых з іх будзе бясплатным.
Аднак пакуль не вызначана, якія менавіта гурткі і секцыі атрымаюць бюджэтнае фінансаванне.

Як падкрэсліла прэс-сакратар Мінадукацыі, факультатывы ў навучальных установах пераводзіць на платную аснову не плануецца. Факультатыўныя заняткі ў школах уваходзяць у асобны спіс. Многія з іх выкарыстоўваюцца вучнямі і настаўнікамі як дадатковыя заняткі па прадметах, на некаторых з іх ідзе падрыхтоўка да алімпіяд або тэстаў.

Паводле звестак Мінадукацыі, у Беларусі працуюць 353 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе займаюцца больш чым 400 тыс. навучэнцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?