Аперацыю па перасадцы сэрца 11-гадовай дзяўчынцы выканалі ў ноч з 12 на 13 лютага ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія».

Аб гэтым паведаміў дырэктар цэнтра Аляксандр Мрочак.

«Такая аперацыя выканана ў Беларусі ўпершыню. Вядома, яна мела пэўныя складанасці. Бо ў дзяўчынкі арганізм яшчэ расце і ёй трэба было падабраць адпаведнае сэрца», — сказаў Аляксандр Мрочак.

Ён удакладніў, што дзяўчынка пакутавала ад дылатацыйнай кардыяміяпатыі:

«Гэта некіруемая прагрэсіўная сардэчная недастатковасць. Як правіла, захворванне мае спадчынны характар. У асноўным пацыентам з такім дыягназам паказана перасадка сэрца».
Аперацыя працягвалася больш як чатыры гадзіны.
Яе правяла брыгада з дванаццаці супрацоўнікаў цэнтра пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі хірургіі сэрца РНПЦ «Кардыялогія» Юрыя Астроўскага. Сёння маленькая пацыентка пераведзена з рэанімацыйнай палаты і адчувае сябе добра.

Паводле слоў Аляксандра Мрочака, у базе даных цэнтра цяпер знаходзіцца прыкладна пяць дзяцей, якім у бліжэйшы час будзе выканана трансплантацыя сэрца.

У 2012 годзе ў Беларусі была праведзена 21 перасадка сэрца дарослым людзям.
У лютым мінулага года ў РНПЦ «Кардыялогія» беларускія хірургі ўпершыню выканалі перасадку сэрца і ныркі адначасова. Сёння ў спецыялістаў на чарзе адзны з самых складаных на гэты момант трансплантацый — комплексу «сэрца-печань», а таксама «сэрца-лёгкія». Дарэчы, першую перасадку лёгкага ў рэспубліцы плануюць правесці ў другім паўгоддзі 2013 года.
Па колькасці трансплантацый органаў Беларусь займае першае месца сярод краін СНД.
У 2012 годзе ў краіне было выканана 274 аперацыі па перасадцы органаў. Цяпер у краіне праводзіцца 29 трансплантацый на 1 млн. насельніцтва. Для параўнання: у Расіі — 9,1, ва Украіне — 2,2.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?