Візыту Сідорскага ў Маскву папярэднічала кампанія па ягонай дыскрэдытацыі. Шэраг інтэрнэт-рэсурсаў спрабаваў стварыць уражаньне, што Масква зь Сідорскім размаўляць адмаўляецца.
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі 30 ліпеня пабываў з працоўным візытам у Маскву. Там ён спаткаўся з старшынём ураду Расеі Міхаілом Фрадковым.
Галоўнай тэмай сустрэчы стануць дэталі атрыманьня Беларусьсю гіганцкага стабілізацыйнага крэдыту. Беларусь запрасіла 1,5 млрд даляраў. Гэтыя грошы маюць кампэнсаваць дадатковыя вытраты беларускай гаспадаркі ў сувязі з ростам цэнаў наэнэрганосьбіты.
Прынцыповае рашэньне аб крэдыце Масква прыняла. Застаюцца дэталі, — заявіў віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аляксей Кудрын у пятніцу. Аднак у дэталях, як вядома, хаваецца д’ябал.
Узамен за крэдыт Расея дамагаецца прыватызацыі шэрагу прыбытковых прадпрыемстваў Беларусі.
Як відно, бакі да згоды ў гэтым пытаньні так і не дайшлі. Крыніца ў расейскім урадзе паведаміла агенцтву Прайм-ТАСС, што «ўрады Расеі і Беларусі працягнуць узгадненьне умоваў вылучэньня Беларусі крэдыту». Крыніца пацьвердзіла, што пытаньне крэдыту абмяркоўвалася на сустрэчы кіраўнікоў урадаў, і яны вырашылі працягнуць працу з гэтым пытаньнем і ўзгадненьне пазыцый.
Прэм'ер Расеі Міхаіл Фрадкоў паведаміў, што на перамовах «абмяркоўваліся пытаньні супрацы ў нафтагазавай і фінансавых сфэрах». «Мы дамовіліся прадоўжыць гэтую працу. Пытаньні складаныя і ў адначасьсе не вырашаюцца. Мы ўзялі на хатнюю працу пэўныя пункты магчымых дамоўленасьцяў, давяли адзін да аднога аргумэнты бакоў», — цытуе Фрадкова Прайм-ТАСС.
У рамках паездкі таксама адбудзецца сустрэча С. Сідорскага з губэрнатарам Маскоўскай вобласьці Барысом Громавым.
Візыту Сідорскага папярэднічала кампанія па ягонай дыскрэдытацыі. Шэраг беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў спрабаваў давесьці, што Масква зь Сідорскім размаўляць адмаўляецца.
Пачалося гэта з артыкулу ў маскоўскім “Коммерсанте” аб непазьбежнай адстаўцы Сідорскага і замене яго на Навумава. Паводле інфармацыі “НН”, за гэтымі чуткамі стаяў беларускі бізнэсовец С., які мае бізнэс у Расеі.
Таксама і ў Беларусі зьявіліся публікацыі аб магчымай адстаўцы прэм’ера.
Ператварэньне галоўнага перамоўшчыка ў “кульгавую качку” ўскладніла б перамоўныя пазыцыі Беларусі.





