Марыя Амалія Лопэс з Муксіі, гарадка на паўночным захадзе Гішпаніі, стала самым папулярным у Гішпаніі блогерам. Ёй 95 гадоў.

«Сябры па Інтэрнэце! Сёньня мне споўнілася 95 гадоў. У мяне дзень народзінаў, і мой унук‑скнара падарыў мне блог». Гэтымі словамі ў сьнежні 2006 г. пачалася гісторыя нечаканага посьпеху.

Пэнсіянэрка зьбіралася пісаць пра сваю маладосьць, радзіму і жыцьцё жанчыны, якая перакрочыла 90‑гадовы рубеж, спадзеючыся знайсьці пару чытачоў свайго ўзросту. Але сёньня «найстарэйшую блогершу сьвету» ведаюць сотні тысяч карыстальнікаў Інтэрнэту.

Цягам некалькіх месяцаў інтэрнэт‑дзёньнік «A mis 95 años» («У мае 95») ператварыўся ў сапраўдны магніт для публікі, найперш, гішпанамоўнай.

Натуральна, што Марыі Амаліі дапамагае той самы ўнук. Ён запісвае яе аповеды на дыктафон, а потым перадрукоўвае. Цяпер у блогу больш за 170 запісаў. А дзёньнік перакладаецца на розныя мовы сьвету. Ёсьць ужо расейская вэрсія.

Тэмы, што ўзьнімае сэньёра Лопэс, вельмі розныя. Уражаньні маладосьці, грамадзянская вайна, сёньняшняя Гішпанія. Сучасная палітыка яе таксама цікавіць, перадусім прэм’ер‑міністар Хасэ Люіс Сапатэра. «Гэта вялікі гішпанец», — кажа Марыя Амалія Лопэс.

Чаму ейны блог настолькі папулярны? У сваіх камэнтарах чытачы пішуць, што не ўспрымаюць Марыю Амалію як нейкі кур’ёз. «Гэта ні з чым не параўнальная асалода — шмат гадоў пасьля прачытаць жывыя ўспаміны, напісаныя непасрэднай удзельніцай падзей», — піша нейкі Фэрнанда. Яго дапаўяне нейкі ананім: «Атрымліваю задавальненьне, чытаючы гэты блог. У людзей, такіх як вы, можна многаму павучыцца!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?