Нацыянальная ідэя пачынаецца з назвы. Таму каб адшукаць вытокі беларускай ідэі, мы мусілі б высьветліць, хто й калі ўпершыню назваў сябе беларусам — у тым сэнсе, у якім ужываем гэтую назву мы — як самавызначэньне сябе й сваёй супольнасьці, на якое адгукаюцца ня толькі нашы веды, але й нашы сэрцы, наша неўсьвядомленае. Гэта мусіць быць гістарычны выпадак, які стаў азарэньнем і адкрыцьцём, а ў выніку — прэцэдэнтам, які «зачапіўся» ў пэўным коле і пачаў пашырацца на іншыя асяродкі.

Беларуская ідэя ня мела гатовага гістарычнага шаблёну, паводле якога трэба было, напрыклад, старадаўнюю Літву або Русь адрадзіць у выглядзе сучаснай Літвы або Русі, бо ніякай старадаўняй Беларусі — як дзяржавы — ніколі не йснавала. Таксама мы ня маем прыкладаў таго, каб нейкая ўлада імкнулася накінуць тутэйшаму люду імя беларусаў. Таму міт Беларусі й павінен быў узьнікнуць «зьніадкуль», дакладней, з цалкам ірацыянальнага зруху чыйгосьці сэрца.

Беларуская ідэя, як аб’яднаньне людзей паводле роднасьці гэтых самых «зрухаў сэрца», ніколі рэальна не падтрымлівалася дзяржавай і таму не вырастала да жанраў пэдагогікі альбо ідэалёгіі, а йснавала ў жанрах паэзіі, музыкі, мастацтва, часта надоўга прападала, пасьля нечакана зьяўлялася зноў, іншы раз у самых нечаканых умовах і самым загадкавым чынам, але заўсёды з тым самым ірацыянальным зьместам.

Менавіта так мы гэта ўсё адчуваем сёньня. Але ці так яно было насамрэч?

* * *

Псыхалягічна, калі мы называем сябе беларусамі, мы перажываем пачуцьцё роднасьці зь іншымі, хто таксама называе сябе беларусам, нашы сэрцы б’юцца ва ўнісон, мы маем на ўвазе нешта неўсьвядомленае, але такое самае. Калі ж адзін з нас называецца беларусам, а іншы літвінам, русінам, тутэйшым ці магілёўцам, мы не перажываем пачуцьцё адзінства, бо адносім сябе да розных груп. У найлепшым выпадку гэта пачуцьцё суседзтва.

Найчасьцей за пункт адліку беларускай ідэі бярэцца «Прадмова» віленскага адваката Францішка Багушэвіча да ягонага паэтычнага зборніка «Дудка беларуская», дзе аўтар растлумачыў, што нашу «мужыцкую» мову трэба называць беларускай, і што яна «такая ж людзкая й панская, як і француская, альбо нямецкая, альбо й іншая якая», і што мы самі ўсе — беларусы, а Беларусь — гэта краіна «ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава».

«Дудка беларуская» Ф.Багушэвіча ўпершыню выйшла ў сьвет у Кракаве ў 1891 годзе. А ў 1910 годзе ў Санкт‑Пецярбургу ў зборніку «Формы национального движения в современных государствах» выходзіць артыкул Антона Луцкевіча «Беларусы». І Луцкевіч пачынае сваю працу са статыстычнага факту: «Перапіс 1897 году налічвае ў Расейскай імпэрыі 5 885 547 беларусаў».

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Хай людзі вас пачуюць!

Можна па‑рознаму ставіцца да царскай статыстыкі. Але ніяк не выпадае амаль шэсьць мільёнаў тых беларусаў разглядаць як статыстычную памылку. Пры гэтым самым пераканаўчым момантам тут зьяўляецца аўтарытэт Луцкевіча, які б ня стаў пачынаць знаёмства асьвечанай расейскай публікі з «новай нацыяй» лічбамі, якія лічыў фальшывымі. Вось як ён сам пракамэнтаваў прыведзеную лічбу:

«Аднак лічба гэтая наўрад ці можа лічыцца дакладнай; розныя меркаваньні мясцовай палітыкі, перадузятасьць, зь якой падыходзілі да зьбіраньня зьвестак арганізатары перапісу, адсутнасьць нацыянальнай самасьвядомасьці сярод шырокіх народных мас, — усё гэта робіць зьвесткі пра нацыянальны склад наагул, а ў прыватнасьці пра лік беларусаў маладаставернымі.

Больш даверу заслугоўваюць навуковыя дасьледаваньні ў гэтым пытаньні, якія належаць праф. Карскаму, які, кіруючыся лінгвістычнымі асаблівасьцямі беларусаў, налічвае іх колькасьць у Беларусі лічбаю больш за 8 мільёнаў».

Луцкевіч гаворыць пра заніжэньне лічбы афіцыйнага перапісу, але не аспрэчвае «якасьці» тых амаль шасьці мільёнаў. Зрэшты, было б малаверагодна, калі б у часы афіцыйнай забароны беларускай мовы і самой назвы Беларусі афіцыйная статыстыка маніпулявала зь лічбай беларусаў у бок яе павелічэньня. Нават калі б у нейкай мясцовасьці гэта было ўладам выгадна (напрыклад, каб не запісваць людзей «палякамі», пры тым, што запісаць іх «рускімі» было б яўным скажэньнем), мы не атрымалі б настолькі вялікай лічбы. Але нават калі б яна ў рэальнасьці была меншай, бясспрэчна, што доля тых у ёй, хто назваў сябе беларусам усьвядомлена, была значнай.

* * *

А вось як камэнтуе зьвесткі таго перапісу сучасны дасьледнік Павал Церашковіч:

«На працягу 2‑й паловы 19 стагодзьдзя ў этнічнай самасьвядомасьці беларусаў адбыліся істотныя зьмены. Паводле перапісу 1897 году, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% лекараў, 29% паштова‑тэлеграфных службоўцаў, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесьніла большасьць лякальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй Беларусі».

Выглядае, што ў цэлым нацыянальная дасьпеласьць беларусаў у 1897 годзе была параўнальная зь сёньняшняй, а зусім не адрозьнівалася радыкальна і, тым больш, не адсутнічала наогул, што сьцьвярджала пасьля савецкая ідэалёгія і што трывала замацавалася ў сьвядомасьці ня толькі паспалітых беларусаў, але й навукоўцаў.

У сньняшняй сьвядомасьці беларусаў з савецкіх часоў пашыранае ўяўленьне, быццам сама беларуская нацыя была плёнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, прынамсі ўзьнікла пасьля яе. Перапіс 1897 году аспрэчвае гэтую тэзу й тлумачыць, адкуль, зь якога асяродзьдзя, на якім падмурку сфармавалася цяперашняя беларуская нацыя. Мы можам зь лёгкасьцю ўявіць наступную гісторыю — што з гэтымі шасьцю мільёнамі станецца ў будучыні. Чаго мы пакуль уявіць ня можам, чаго не тлумачыць перапіс і не праясьняюць наяўныя трактоўкі гісторыкаў — адкуль тыя шэсьць мільёнаў узяліся.

* * *

Зразумела, што ў масе сваёй яны не чыталі Багушэвіча. Іхнай беларускасьці іх не вучылі ў школе. І саміх школ беларускіх, нібыта, не йснавала, як не йснавала па‑беларуску газэт, тэатраў, багаслужбаў… Прынамсі, гэтак мы сабе той час уяўляем. І жылі тыя людзі не ў Беларусі, а ў Паўночна‑Заходнім краі. І ніякае ранейшае Беларусі яны ня ведалі, бо, як мы ўжо казалі, ніколі ў гісторыі ніякай Беларусі й не было. І тут раптам — шэсьць мільёнаў беларусаў і сярод іх — дваране і лекары з настаўнікамі, для якіх беларуская мова — родная… Зусім кандыцыйная як для эўрапейскай нацыі напрыканцы 19 ст. колькасьць і якасьць. Гэта зьдзіўляе, бо ў сучасных дасьледнікаў беларускай гісторыі таго пэрыяду даўно сфармаваўся стэрэатып, што ўсіх, хто ў тагачаснай Беларусі мог заявіць пра сябе, як пра беларуса, мы ведаем ледзьве не пайменна.

Такі стэрэатып — вынік таго, што кожнае новае пакаленьне беларусазнаўцаў (у тым ліку й сёньняшняе) выходзіла не са школы, а нараджалася «зрухам сэрца» і кожны дасьледнік або паэт пачуваўся сам сабе Багушэвічам — першапраходцам. Школа і пераемнасьць ведаў усяляк разбураліся на працягу 20 стагодзьдзя, тэксты папярэднікаў забараняліся і падлягалі зьнішчэньню, а самі іх аўтары часта рэпрэсаваліся. Вось чаму ў беларушчыне ўмацавалася агульнае адчуваньне, што кожны новы дасьледнік або паэт пачынае «з чыстага ліста». І гэты «чысты ліст» — 19 стагодзьдзе. А тут аказваецца, што на лісьце тым не пустата, а — ажно 6 мільёнаў.

* * *

Першую згадку Беларусі гісторыкі знаходзяць у матэрыялах 13 ст. На працягу наступнай гісторыі гэтае імя вандравала па розных краях, пакуль не спынілася на ўсходніх землях сёньняшняй беларускай тэрыторыі. Гэты працэс і гэтую гісторыю мы пакідаем за рамкамі нашага артыкула, бо да «зрухаў сэрца» яны ня маюць непасрэднага дачыненьня. Калі Ян Баршчэўскі назваў свой чатырохтомнік «Шляхціц Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» (1844—1846), ён меў на ўвазе родную Віцебшчыну. Калі Іван Насовіч выдаваў свой «Словарь белорусского наречия» (1870), ён асацыяваў Беларусь з роднай Магілёўшчынай…

Дзясяткі й сотні падобных выпадкаў ужываньня назваў «Беларусь» і «беларускі» ў дачыненьні да сёньняшніх усходнебеларускіх земляў адносіліся толькі да тэрыторыі, а сваім зьместам адпавядалі ідэі рэгіяналізму. Гэта значыць, да сучаснага разуменьня нацыі не дацягвалі. Але частотнасьць ужываньня гэтых назваў дазваляе дапусьціць, што не заўсёды яны мелі толькі тэрытарыяльны або краёвы зьмест. Верагодна, мы маем справу з эвалюцыяй саманазываньня ад тэрытарыяльнай, канфэсійнай, дзяржаўнай ці якой іншай прыналежнасьці да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Літаратар і дасьледнік Кастусь Цьвірка прыводзіць такі прыклад у зборніку «Філаматы і філарэты»:

«Францішак Малеўскі, як і ўсе філаматы і філарэты, зь вялікай пашанай ставіўся да фальклёру, да мовы свайго беларускага народа, што таксама праявілася ў «Tygodniku Petersburskim». Гартаючы тыя нешматлікія нумары газэты, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, я нечакана натрапіў на даволі цікавую ў гэтых адносінах публікацыю ў нумары 95 за 1835 год. Гэта агляд кнігі, якая выйшла ў той час на беларускай мове й называлася «Кароткі зборнік хрысьціянскай навукі для сялян, якія размаўляюць на руска‑польскай мове». Безыменны аўтар агляду гэтай кнігі, выказваючы сваё задавальненьне з прычыны яе выхаду, зазначаў: «Першы раз здараецца нам бачыць кнігу, напісаную на гаворцы, на якой размаўляе просты люд у Літве і Беларусі. Гэта — малавядомая частка роднай нашай мовы, якая распаўсюджана на шырокай прасторы зямлі і якая сьведчыць пра рускае паходжаньне яе жыхароў. Гаворку гэтую правільна называць ня польска‑рускай, а беларускай…» Думаецца, аўтарам гэтага агляду беларускай кнігі быў ня хто іншы, як сам Францішак Малеўскі».

Такім чынам, задоўга да Ф.Багушэвіча ледзьве ня тымі самымі словамі — гэта значыць, у нашым сучасным разуменьні — пра беларускую мову выказаўся Ф.Малеўскі. Праўда, ён жа акрэсьліў і той эвалюцыйны фон, на якім паўставалі наватворы «беларус» і «беларускі».

Інакш кажучы, тут мы набліжаемся да «чыстага ліста», бо «малавядомая частка мовы» і «рускае паходжаньне жыхароў» — гэта й ёсьць поўная адсутнасьць беларускай ідэі.

Выходзіць, што менавіта за гэты прамежак часу — ад 1835 да 1897 году на нашым «лісьце» і зьявіліся шэсьць мільёнаў беларусаў. Магчыма, так яно й было, калі паверыць у пасіянарную сілу нацыянальнага самаўсьведамленьня, што па ўсім сьвеце прыпала якраз на гэты час. Але сіла гэтая ў нашым выпадку мусіла быць проста неверагоднай, бо нішто ў краі не спрыяла таму, каб людзі пачалі масава называць сябе беларусамі. На далучаных да расейскай імпэрыі землях Вялікага Княства Літоўскага адбывалася плянамерная русіфікацыя. Быў зачынены Віленскі ўнівэрсітэт, найбольш актыўная пратэстная частка насельніцтва рэпрэсавалася, мноства такіх было забіта і саслана ў Сібір альбо ратавалася на эміграцыі. Тым часам абсалютная большасьць народу стаілася й думала толькі пра самазахаваньне, імкнулася ніяк не выяўляць сябе, ня тое што горда заявіць урадаваму перапісчыку: «Я — беларус».

* * *

Пасьля паўстаньня 1863 году і без таго неспрыяльныя для беларускай самаідэнтыфікацыі ўмовы пагоршыліся шматкроць. Варта ўявіць сабе атмасфэру, што запанавала ў акупаваных наежджай расейскай бюракратыяй землях, каб зразумець, што ня толькі росту самасьвядомасьці не магло быць, але й тым, хто ўсьвядоміў сябе беларусам, лепей было схавацца за найменьне «рускага» або «тутэйшага». Вось як характарызуе гэты фон сучасьніца падзей — Н.Ланская ў сваёй кнізе «Обрусители» (1887):

«Некалькі гадоў таму заходні край быў цэнтрам, куды сьцякалася вялікае мноства людзей вялікарускага паходжаньня пераважна і праваслаўнага вызнаньня абавязкова. У той час край уяўляў сабою арэну, дзе, нічым не рызыкуючы, можна было тысячу разоў вылучыцца, выйсьці, што называецца, у людзі і пасьля, супакоіўшыся на ляўрах, вымавіць з спакойным сумленьнем: мы абрусілі. Сюды імкнуліся ўсе тыя, хто быў чымсьці не задаволены ў сябе ўдома: кожны, каго абышлі чынам, месцам ці ўзнагародай, чый не прынялі ці вярнулі праект, чый маёнтак, у выніку новых парадкаў, прыйшоў у заняпад, а ўзяцца за справу не было ні ўменьня, ні сілы — усё гэта сьпяшалася ў заходні край. Тутака сьцякаліся людзі ўсялякіх прафэсіяў, узростаў і станаў: маладыя, старыя, аматары пажыць і тыя, што пражыліся дазваньня, расчараваныя ў каханьні, падманутыя ў жыцьці і што самі падманвалі, — усе пнуліся сюды з ліхаманкавай пасьпешлівасьцю…

Атэстатаў аніякіх не патрабавалася: дастаткова было прыехаць з Расеі і заявіць сябе праваслаўным, каб атрымаць права на такія льготы, правы і перавагі, якія ператвараліся ў сапраўдны рог дастатку. Можна таму ўявіць, якая колькасьць рознае навалачы запаланіла гэтыя бядотныя 9 губэрняў! Які кантынгент ілжы, подласьці, усялякіх падманаў, подкупаў, фальшу й маральнае распусты прынесла з сабой гэтая праваслаўная армія згаладалых, сасьмяглых і нецярплівых! Нібы саранча, кінуліся яны на гатовыя месцы, сьпяшаючыся захапіць усю тую прастору, ачышчаную для іх гвалтам; цырымоніцца не было патрэбы, і пад выглядам абрусеньня і прапаганды праваслаўя гэтыя заваёўнікі перасьледавалі такія мэты, якія ня мелі нічога супольнага ні з рэлігіяй, ні з маральнасьцю, ні нават з палітыкай сапраўднага абрусеньня…».

Парадокс! Аўтарка не ўжывае тэрмінаў «беларусы» і «Беларусь». Але апісвае якраз той «чысты ліст», на якім, нібыта, у гэты самы час «вымалёўваліся» нашы шэсьць мільёнаў.

А можа, гэта ўсё гістарычная фантастыка і не было ніякага «чыстага ліста»?

* * *

Прыведзеная вышэй цытата з Ф.Малеўскага ўскосна пацьвярджае вэрсію пра першапачатковае ўзьнікненьне беларускай нацыянальнай ідэі ў асяродку віленскіх студэнтаў пачатку 19 ст., дакладней, у таемных таварыствах філаматаў і філарэтаў. Менавіта там «зрухі сэрца» з ірацыянальнага пачуцьця роднасьці былі пераведзеныя ў рацыянальную плоскасьць нашага сучаснага разуменьня нацыі. Хто быў тым першым аўтарам: Міцкевіч, Чачот, Зан, Дамейка ці Адынец, — мы ня ведаем. Але пэўна, што ён быў сярод іх.

Вядомыя факты пра Адама Міцкевіча, які пазьней у сваёй лекцыі ў Калеж дэ Франс назаве беларускую мову самай чыстай і з усіх славянскіх найменш зьмененай. Пра Антона Адынца, які будзе намаўляць Вярыгу‑Дарэўскага, каб той рабіў літаратурную кар’еру не па‑польску, а па‑беларуску. Пра Яна Чачота, які зьбіраў, апрацоўваў і выдаваў беларускія народныя песьні, што сталіся вяршыняй ягонай уласнай творчасьці.

Характэрны прыклад актыўнага пошуку свайго нацыянальнага самаазначэньня ў філамацкім асяродку — ліст Яна Чачота да Ануфрыя Петрашкевіча з далёкага расейскага Кізілу у 1825 годзе, дзе Чачот апісвае становішча сваё і калег‑філаматаў, што былі асуджаныя на ссылку за вальнадумства, і, паміж іншым, заўважае:

«Цяпер аранбурская лінія, можна сказаць, запруджана палякамі (так нас называюць тут і за такіх прымаюць)».

Філаматы і філарэты, што зьявіліся ў Віленскім унівэрсітэце ў 1817 годзе, сталі тым творчым асяродкам, які фактычна «прыдумаў Беларусь» — у яе сучасным разуменьні. Прынамсі, яны ўшчыльную падышлі да гэтага вызначэньня. Палякамі іх лічылі за шляхецкае паходжаньне, каталіцкае веравызнаньне і польскую мову, на якой яны пісалі свае творы. Самі ж яны лічылі сябе ліцьвінамі, а айчынай называлі Літву. І разам з тым, усе так ці інакш дакраналіся да найменьняў «беларускі» і «Беларусь». Заставалася зрабіць гэты апошні выразны крок, каб іхнія зрухі сэрца абазначыліся адным словам і пачала фармавацца новая супольнасьць.

Так мы гэта сёньня сабе ўяўляем. Аднак, што адбылося далей, мы ня ведаем. Мы маем справу з гістарычным правалам шырынёй у паўстагодзьдзя, на адным краі якога першыя нясьмелыя спробы назваць мову беларускай, а на другім — шэсьць мільёнаў чалавек, якія называюць беларускую мову роднай, а сябе — беларусамі.

Праблема «чыстага ліста» і пераемнасьці, магчыма, заключаецца ў пункце гледжаньня, у ракурсе гістарычнага дасьледаваньня і адсутнасьці канцэпцыі, якая б арыентавалася не на «чысты ліст», а на гэтыя самыя шэсьць мільёнаў і раскрыцьцё іхнае таямніцы. Беларусаў у сярэднявеччы магло ня быць не таму, што не было сучаснага разуменьня нацыі і не таму, што называліся яны неяк па‑іншаму, а таму, што праз акуляры цяперашніх фрагмэнтарных гістарычных канцэпцыяў мы іх там яшчэ не разгледзелі.

Мы дагэтуль складаем сваю гістарычную мазаіку з кавалкаў даўніх польскіх альбо расейскіх канцэпцыяў, і самі, як нацыя, на стыках некуды прападаем. Мы ўрэшце пагадзіліся, што наша эвалюцыя не была суцэльнай і ў кожнай гістарычнай эпосе мы знаходзім сябе пад іншым імем, і кожнага разу шукаем новыя аргумэнты, каб даказаць генэалягічную датычнасьць сучасных беларусаў да тых даўніх продкаў.

У выніку сама беларуская ідэя выглядае такой вось мазаікай розных «зрухаў сэрца», дзе на стыках паміж каляровымі шкламі зьяўляюцца правалы, у якіх знікаюць мільёны нашых папярэднікаў‑беларусаў.

Сяргей Дубавец, газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0