Каб застрашыць мясцовых актывістаў і нагадаць грамадзкасьці, «хто ў хаце гаспадар», смаргонская пракуратура ініцыявала разгляд незвычайнай справы.

Кароткі змест папярэдніх серый

Грамадскі актывіст са Смаргоні Уладзімір Шульжыцкі па асабістай ініцыятыве на аркушах паперы пісаў ад рукі хвалі Радыё Свабода і раскідваў іх у паштовыя скрыні гараджан. Гэта было абдуманае рашэнне 20‑гадовага хлопца — ён потым тлумачыў, што не бачыў іншай альтэрнатывы дапамагаць людзям чуць праўдзівую інфармацыю. А Радыё Свабода, на яго думку, здолела скласці канкурэнцыю дзяржаўнай прапагандзе.

Аднак на паперках ён пакідаў свой мабільны нумар для дапамогі жадаючым настройваць прымач. Гэта і выкарысталі міліцыянты: патэлефанавалі, каб той прыйшоў па названаму адрасу і дапамог. А там ужо чакалі вядома хто, папрасілі прайсці ў пастарунак, каб спраўдзіць дакументы. Пратакол аднак склалі не за распаўсюд рэкламы радыё, а за ниібыта нецэнзурную лаянку.

На першым судзе Шульжыцкі заявіў хадайніцтва пра недавер суддзі Мікалаю Шэлегу, бо той стабільна выносіць прысуды актывістам. Працэс адклалі і распачалі новы праз 10 дзён, 6 мая.

Прызначаны новы суддзя Аляксандр Квяткевіч апраўдаў Уладзіміра Шульжыцкага, бо не мелася складу злачынства. Да таго ж высветлілася, што тэлефонны званок да Уладзіміра быў са смаргонскага пастарунку, а самі сведкі‑міліцыянты пачалі блытацца ў паказаннях. Таму суддзя прыняў апраўдаўчае рашэнне.

12 серыя

Аднак з гэтым не пагадзілася смаргонская пракуратура і абскардзіла рашэнне, настойваючы на вінаватасці Шульжыцкага: ён, маўляў, лаяўся, Радыё Свабода тут ні пры чым… Суддзя Гарадзенскага абласнога суда Ігар Собалеў задаволіў позву пракуратуры Смаргоні і накіраваў адміністрацыйную справу на перагляд.

Ізноў сведчылі трое: капітан мясцовага РАУС Траццякоў, прадпрымальнік Аляксей Камаеў і вайсковец Яўген Пятніцкі, якія, нібыта, чулі нецэнзурную лаянку. Але ніводзін так і не здолеў прыпомніць, менавіта якія нецэнзурныя словы зляталі з вуснаў падсуднага. А той заявіў, што ўвогуле ўпершыню бачыць гэтых сведкаў, і справа супраць яго сфабрыкавана.

13 серыя…

Учора, у панядзелак, адбылося чарговае судовае слуханне па справе Уладзіміра Шульжыцкага. Яно пачалося без прысутнасці ўсіх сведкаў і закончылася праз 30 хвілін. Суддзя Аляксандр Дзямешчык дапрасіў яшчэ аднаго сведку, які не прысутнічаў на разглядзе справы ў пятніцу, 27 ліпеня. Гэта таксама міліцыянт, спадар Рогач. На хадайніцтва абароны Шульжыцкага, каб праверыць ці была мабільная сувязь паміж сведкамі ў гэты час, суддзя не звярнуў увагі.

На думку смаргонскага праваабаронцы Алеся Дзергачова, усё ішло да таго, каб нагадаць грамадскасці, хто кіруе ў гэтай краіне.

Суддзя аб’явіў пастанову: Уладзімір Шульжыцкі прызнаны вінаватым у хуліганстве, калі выходзіў з пад’езда і нецэнзурна лаяўся. Аднак менавіта якія словы ім вымаўляліся — для прысутных так і засталося сакрэтам.

Згодна нормаў працэсуальна‑адміністрацыйнага кодэкса, справа была спынена ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення грамадзяніна да адказнасці — прайшло больш трох месяцаў з пачатку разгляду гэтага адміністрацыйнага «парушэння». Аднак у такім разе учарашняга суда ўвогуле не павінны было адбыцца.

Алесь Васількоў, Бюлетэнь-онлайн

Здымак Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0