Вечарам 22 лютага ў мінскім клубе «Цэнтр» адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў музычнай прэміі Ultra-Music Awards 2012.
На адной сцэне выступілі «Аддис Абеба», Irdorath, Паліна Рэспубліка, Akute, Plum Bum і (((O))).

Калі тры гады запар пераможцаў прэміі вызначалі наведнікі сайта Ultra-Music.com шляхам галасавання, то сёлета рэдактары парталу вырашылі даць слова людзям кампетэнтным — журы склалі музычныя журналісты, прадусары, прамоўтары, кліпмэйкары. Усяго 51 чалавек. Шорт-ліст прэміі Ultra-Music Awards быў прадстаўлены ў шасці намінацыях. Гэта «Гурт года», «Альбом года», «Песня года», «Кліп года», «Падзея года» і «Адкрыццё года».

Узнагароды за «Альбом года», а таксама за «Песню года» атрымаў вядомы гурт «Серебряная Свадьба»,

які быў на гастролях і таму на цырымоніі не прысутнічаў, аднак Бенька па тэлефоне перадала ўсім прысутным гарачыя прывітанні і здзівілася адразу дзвюм узнагародам.
«Гуртом года» чакана для ўсіх стала каманда Akute.

«Кліп года» зняў «Ляпис Трубецкой»: ягоны «Броненосец (Ты ни при чём?)" лёгка абыйшоў канкурэнтаў. «Падзеяй года» была прызнаная серыя канцэртаў «Тузін Немаўля», што нястомна ладзіць рэдактар музычнага парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін.

У намінацыі «Адкрыццё года» перамагла Паліна Рэспубліка, што таксама нікога не здзівіла.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?