Дзіўныя бываюць супадзеньні: 30 ліпеня, у адзін дзень, з жыцьця пайшлі два найвялікшыя рэжысёры сучаснасьці. 94‑гадовы італьянец Мікеланджэла Антаніёні і 89‑гадовы швэд Інгмар Бэргман.

Зь іхнімі імёнамі зьвязаная Вялікая эпоха аўтарскага кінэматографу. Яе росквіт прыпаў на1960‑я гады.

Майстар формы


Антаніёні

Мікеланджэла Антаніёні нарадзіўся 29 верасьня 1912 году ў горадзе Фэрара, які мае вялікія культурныя традыцыі. Скончыў вышэйшую школу эканомікі й гандлю ў Балёньі. Навучаўся ў Рымскім Экспэрымэнтальным кінацэнтры. Распачынаў як кінакрытык: друкаваўся як у фашыстоўскім часопісе «Чынэма», так і ў падпольнай «Італья Лібэра». Быў асыстэнтам Марсэля Карнэ на здымках «Вячэрніх наведвальнікаў», напісаў аналітычны артыкул «Марсэль Карнэ — парыжанін». Быў суаўтарам сцэнароў фільмаў «Пілёт вяртаецца» Рабэрта Расэліні, «Трагічнае паляваньне» Дэ Сантыса, «Белы шэйх» Фэліні. Дэбютаваў кароткамэтражнай дакумэнтальнаю стужкай «Людзі з ракі По» (1943‑‑1947).

Апошняя ж карціна Антаніёні — кароткамэтражная навэля ў зборніку «Эрас» (2004). У 1995 годзе, ужо спаралізаваны, ён зьняў зь Вімам Вэндэрсам фільм «За аблокамі».

Па словах Антаніёні, ён вырашыў стаць рэжысэрам у вар’ятні, дзе ўпершыню зазірнуў у аб’ектыў, каб здымаць аматарскі фільм пра хворых.

Майстар вытанчанай кінэматаграфічынай формы — савецкія крытыкі лаялі яго за «мадэрнізм» — быў таксама вынаходнікам неарэалізму («Людзі з ракі По»).

Фільм «Прыгода» (1960) выклікаў скандал на Канскім фэсьце. Каб паказаць чалавечае адчужэньне, рэжысэр наўмысна парушыў сюжэтную лёгіку.

«Ноч» (1961), «Зацьменьне» (1962) і «Чырвоная пустыня» (1964) — знакамітыя драмы «разьяднанасьці», якія перагукаюцца з «Маўчаньнем» і «Пэрсонаю» Бэргмана.

Самыя неверагодныя экспэрымэнты з колерамі рабіў Антаніёні ў «Чырвонай пустыні». Адна з заскладанейшых працаў з гукам — «Прафэсія: рэпартэр» (1975). Антаніёні працаваў і з «Пінк Флойд» («Забрыскі Пойнт», 1970).

Самая папулярная карціна Антаніёні — «Фотапавелічэньне» (1966) паводле апавяданьня Хулія Картасара «Сьлюні д’ябла».

Фільмы Антаніёні — запаволеныя краявіды душы, якая пакутуе ад самоты і пустаты.

Сёньня так не здымае ніхто.

Знаўца чалавека


Бэргман

Інгмар Бэргман нарадзіўся 14 ліпеня 1918 г. ва ўнівэрсытэцкай Упсале, у сям’і пастара. У 1944 годзе завершыў факультэт літаратуры і мастацтва Стакгольмскага ўнівэрсытэту. Працаваў рэжысэрам у правінцыйных тэатрах.

З канца 60‑х гадоў ставіць спэктаклі на сцэне Каралеўскага тэатру, быў ягоным дырэктарам. Працу ў кіно распачаў сцэнарыстам. У 1946 годзе — рэжысэрскі дэбют («Крызіс»).

Апошнія гады пражыў самотнікам на высьпе Фаро.

Сказаць, што сышоў Вялікі рэжысэр, які зьмяніў сусьветны кінэматограф — значыць не сказаць анічога.

У фільмах гэтага швэда людзі з розных куткоў сьвету пазнавалі сябе й адкрывалі схаваныя таямніцы сваёй душы.

Адкуль такое веданьне чалавека?

Сын пастара Інгмар запытваўся, як старазапаветны Ёў: «Чаму вакол столькі зла? Дзе Божая міласэрнасьць? Дзе — адказ Госпада?» І гэтую размову ён вёў сродкамі кінамовы.

Рыцар спавядаецца Сьмерці ў сваім бязвер’і («Сёмая пячатка», 1957), стары адчувае цяжар уласных грахоў і сьніць уласнае пахаваньне («Сунічная паляна», 1957), дзьвюх сясьцёр лучыць нянавісьць і маўчаньне Бога ў іхным сэрцы («Маўчаньне», 1963). У карцінах Бэргмана атэісты моляцца за вернікаў («Прычасьце», 1963), любоў і нянавісьць сьплятаюцца («Шэпты й крыкі», 1971).

А ў «Фані і Аляксандар» (1982) рэжысёр спусьціўся ў маленства…

Швэдзкі творца перажыў антыбэргманаўскае паўстаньне маладых рэжысёраў‑суайчыньнікаў, якія абвінавачвалі аўтара ў мэтафізычнасьці, мізантрапіі і элітарнасьці. Але сам Інгмар Бэргман на пасадзе дырэктара «Драматэна» — Каралеўскага драматычнага тэатру — кардынальна зьнізіў цэны на квіткі і скараціў працягласьць спэктакляў да 1,5 гадзін — каб зрабіць мастацтва агульнадаступным.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0