Нашумелы праект закону аб артаграфіі ўсё ж надрукуюць. Дакладней, выставяць на сайце Міністэрства адукацыі.
Навіну паведамляе радыё "Свабода". Дарэчы, цікава параўнаць прагучалыя ў этэры сьвежыя выказваньні стаўшага ўжо шырока вядомым у лінгвістычных колах:) сп.Здановіча з тым, што чулася (тут ужо дзякуй "Радыё Рацыя"!) на пасяджэньні камісіі пару тыдняў таму. Відавочнае зьмякчэньне танальнасьці. Тады дэпутатам надта карцела "спыніць зьдзек з мовы" (і ў гэтым кантэксьце фігураваў прыклад "Нашае нівы", то бок тарашкевіцы). Цяпер старшыня камісіі запэўнівае: "Гэта ж не закон аб пакараньні за парушэньні правіл беларускай артаграфіі і пунктуацыі. Гэта закон пра беларускі правапіс. У ім не фігуруюць ані захады пакараньня, ані штрафныя санкцыі ці зьмяшчэньне за краты — крый божа!".
Заўважу, аднак, што адпаведныя захады могуць быць прадугледжаны ў любы момант іншым законам. Так было, калі нейкі час таму ў Палаце рыхтавалі праект "Аб апытаньнях грамадзкай думкі". У тандэме зь ім ішоў дакумэнт з бляклай назвай "Аб унясеньні дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь у пытаньнях правядзеньня апытаньняў грамадзкае думкі і апублікаваньня іх вынікаў". Вось там усё было ў найлепшым выглядзе… Д'ябал тоіцца ў дэталях.
Дзякаваць богу, тыя небясьпечныя для незалежнай сацыялёгіі праекты ў выніку былі прыбраныя з вачэй. Не ў апошнюю чаргу праз тое, што біла ў званы грамадзкасьць, а потым падключыліся і міжнародныя інстытуцыі.
Падаецца, што і ў выпадку з артаграфіяй да ўладных кабінэтаў данёсься пэўны розгалас. Спачатку там загаварылі пра трохгадовую адцяжку з увядзеньнем новых правілаў, а цяпер вось дайшло і да сапраўднага трыюмфу галоснасьці:)
Амаль што дайшло. А раптам перадумаюць (ці ім параяць перадумаць)? Ва ўсякім разе, пакуль што на сайце Мінадукацыі нічога няма. Дарэчы, красамоўны штрых: ні той сайт, ні сайт самой Палаты ня маюць вэрсіяў на беларускай мове.
Не раўнуючы як у анэкдоце: і гэтыя людзі вучаць мяне не калупацца ў носе! (...не ўжываць пазначэнЬня асыміляцыйнае мяккасЬці:)





