1 жніўня ў Беларусі на 23,3 долара павялічваецца экспартная пошліна на нафту — яна складзе 223,9 долара за тону. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 952, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнет‑партале. Дакумент уносіць змяненні ў пастанову ўрада № 366 ад 24 сакавіка 2007 года і прыняты ў адпаведнасці з указам прэзідэнта № 60 «Аб стаўках вывазных мытных пошлін».

Да ўзроўню расійскіх павялічваюцца таксама 1 жніўня экспартныя пошліны на нафтапрадукты. Пошліна на лёгкія і сярэднія дыстыляты, газойлі, прапан, бутаны, этылен, прапілен, бутылен і бутадыен, іншыя звадкаваныя газы, бензол, талуол, ксілолы павялічваецца са 147,5 да 163,2 долара за тону. На вадкае паліва, масла, адпрацаваныя нафтапрадукты, нафтавы вазелін, мінеральныя воскі і аналагічныя прадукты, кокс нафтавы, бітум нафтавы і іншыя рэшткі ад перапрацоўкі нафты або нафтапрадуктаў, атрыманых з бітумінозных парод, пошліна ўзрасце з 79,4 да 87,9 долара.

Гэтае рашэнне прынята ў сувязі з тым, што 1 жніўня такія памеры пошлін устаноўлены ў Расійскай Федэрацыі. У адпаведнасці з міжурадавым беларуска‑расійскім пагадненнем стаўкі экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты ў Беларусі ўстанаўліваюцца ў памеры, роўным стаўкам, што прымяняюцца ў Расіі. Уводзіцца ў дзеянне яны павінны ў тыя ж тэрміны, што і стаўкі, якія ўстанаўліваюцца адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі Расійскай Федэрацыі.

Згодна з беларуска‑расійскімі дамоўленасцямі, пошліна на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь з Расіі, разлічваецца з прымяненнем каэфіцыента 0,293.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?