Сёньня раніцай памёр пісьменьнік Юры Юркавец. Яму было 45 гадоў.

«Калі сказаць, што гэта была нечаканая сьмерць, г.зн. нічога не сказаць, — зазначае ягоны сябра Зьміцер Саўка. — Гэта быў чалавек моцнага целаскладу, які актыўна займаўся спортам».

Юры Юркавец памёр а 9‑й раніцы 2 жніўня падчас сну. У сьне стаў задыхацца, ня здолеў прачнуцца, жонка выклікала хуткую. Паводле папярэдняга дыягназу, прычынай сьмерці стаў інфаркт.

Зьміцер Саўка падзяліўся ўспамінамі пра Ю. Юркаўца:

Юры Юркавец нарадзіўся 25 лютага 1962 г. у Сьветлагорску. Дзяцінства правёў у в. Чыркавічы Сьветлагорскага р‑ну. На яго моцна паўплываў дзед Мітрафан, які навучыў унука беларускай мове. Дзед быў вельмі дасьціпным чалавекам і добрым апавядальнікам. І, напэўна, яго талент перадаўся ўнуку.

… Па сканчэньні школы Юркавец падаўся ў Санкт‑Пецярбург (тады яшчэ Ленінград), пагатоў тады праз Сьветлагорск ішла чыгунка, і традыцыйна жыхары Ўсходняй Беларусі зьяжджалі ў вялікія гарады. У горадзе над Нявой прайшоў першыя жыцьцёвыя ўнівэрсытэты. Там жа пачаў рабіць першыя літаратурныя накіды. Але хутка вярнуўся ў Беларусь, дзе паступіў на расейскае аддзяленьне філфаку БДУ, які скончыў у 1990 г.

Разам з жонкай разьмеркаваўся ў мястэчка Ільля (Вялейскага р-ну), дзе ў свой час працаваў Алесь Салавей. Ю. Юркавец выкладаў у школе беларускую мову, жонка Эльвіра — расейскую. «Аднаго разу пабачыўшы на ўроку, як паўзе вош па шыі дзіцяці, я зразумеў, што апошняя кропка, што трэба ўцякаць», — згадваў Юркавец. Сям'я вярнулася ў Менск, прабыўшы ў Ільлі год.

Юры Юркавец заняўся бізнэсам, у якім апрацаваў ўсе гады, апошнія дзесяць год займаўся падшыпнікамі.

«Але ягоная душа належала літаратуры, — кажа З. Саўка. -- Юркавец шмат пісаў і чытаў. Ён літаральна страціў зрок на чытаньні кніг. Прыходзіў у госьці, браў з паліцы кнігу, сядаў на канапу і чытаў».

Натуральна, шмат пісаў, па беларуску і па‑расейску. Першая ягоная прэмія — за публікацыю ў часопісе «Дайвінг», сёлета ён атрымаў расейскую прэмію «Блогбастэр».

Бацькі памерлі ў мінулым годзе, адзін за адным. Ад дзеда ў спадчыну засталася пасека, і калі бацька занямог, Юры стаў развозіць гэты мёд людзям.

Па Юркаўцы застаўся сын Антон, выпускнік Коласаўскага ліцэя. Сёньня ён навучаецца ў БДУ н спэцыяльнасьці сэрбская мова.

Апавяданьне Ю. Юркаўца «Рука клясыка»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0