24 ліпеня

У Жлобіне не дазваляюць

У шасьці гарадах Беларусі актывісты прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) падалі заяўкі на правядзеньне сацыяльных пікетаў супраць адмены льгот. Стала вядома, што гарвыканкам Жлобіна ня даў дазвол на акцыю.

Напярэдадні 27 ліпеня

Суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў моладзевага апазыцыйнага актывіста Валянціна Сакалоўскага на 10 сутак арышту. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Суд Цэнтральнага раёну Менску вынес вырак затрыманаму актывісту Аляксандру Чарнышову — 15 сутак арышту. Савецкі суд пакараў 10‑ю суткамі затрыманага напярэдадні Сяргея Клюева. Судзьдзя Савецкага раёну Людміла Савасьцян вынесла такое пакараньне за «заклікі да правядзеньня несанкцыянаванай акцыі». Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Кацю Сухардзінаву і яе сяброўку Марыю Серую, за расклейваньне налепак з заклікам да ўдзелу ў мерапрыемствах апазыцыі ў Дзень незалежнасьці — 27 ліпеня. Суд Савецкага раёна прызнаў дзяўчат вінаватымі па артыкуле 17.1 Адміністратыўнага кодэксу Беларусі («дробнае хуліганства») і аштрафаваў Кацярыну Cухардзінаву на 30 базавых велічынь, Марыю Серую — на 20 базавых велічынь.

Шчукіну пакінулі

Быў адхілены пратэст дзяржаўнага абвінаваўцы адносна прысуду праваабаронцу Валер’ю Шчукіну. Нагадаем, 8 чэрвеня Першамайскі раённы суд Віцебску вынес прысуд Шчукіну — штраф 40 базавых велічынь. Яго прызналі вінаватым у артыкуле 189 КК «Абраза членаў і работнікаў выбарчых камісіяў).

25 ліпеня

Пасадзілі Шыдлоўскага

Суд над затрыманымі 24 ліпеня актывістамі Паўлам Бараноўскім і Аляксеем Шыдлоўскім быў перанесены на 8 жніўня. Удзень Аляксея Шыдлоўскага затрымалі паўторна, да яго дадому прыехалі міліцыянты, дзе і адбылося затрыманьне. Вечарам судзьдзя Партызанскага раёну Алена Ціцянкова прызначыла пакараньне Аляксею Шыдлоўскаму ў выглядзе 15 сутак арышту.

ЗША асуджаюць

ЗША рашуча асуджаюць палітычна матываванае зьняволеньне палітычных актывістаў Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна, якім улады вынесьлі 24 ліпеня прыгавор за распаўсюджваньне ўлётак пра мітынг Аб’яднаных дэмакратычных сіл, заплянаваны на 27 ліпеня.

Івашкевіча папярэджвалі

Старшыня аргкамітэту па сьвяткаваньні 27 Ліпеня намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч быў выкліканы ў галоўнае ўпраўленьне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму. Івашкевіча папярэдзілі аб крымінальнай адказнасьці ў выпадку правядзеньня 27 ліпеня ў Менску масавых акцый.

26 ліпеня

У Лукашова тое самае

Прысуд у дачыненьні Кастуся Лукашова,брата вядомага палітыка Вячаслава Сіўчыка, пакінуты бязь зьменаў (два гады ўмоўна). Такое рашэньне прыняў 26 ліпеня суд Ленінскага раёну Менску.

Мірон у гонар Плешчанкі

Мінулай ноччу на ўсіх жылых дамах па цотным баку вуліцы імя Валянціны Церашковай у Віцебску былі прымацаваныя шыльды «Вуліца імя Ўладзімера Плешчанкі».

Лукасіку не дазволілі

Калегія Менскага абласнога суду пакінула ў сіле рашэньне суду Мядзельскага раёну пра высылку з краіны пастара эвангельскай царквы «Ян Прадвесьнік» Яраслава Лукасіка.

У Наваполацку пікеты

Наваполацак стаў адзіным на сёньняшні дзень горадам у краіне, у якім улады дазволілі пікет у падтрымку былога кандыдата на прэзыдэнты, а цяпер палітвязьня, Аляксандра Казуліна.

27 ліпеня

Эўрасаюз у абарону Севярынца

Эўракамісар па замежных зносінах і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра‑Вальднэр заявіла, што ўстрывожаная арыштамі і затрыманьнямі некалькіх удзельнікаў беларускай дэмакратычнай апазыцыі за апошні час, у тым ліку Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна.

Зноў Мірон

Бел‑чырвона‑белы сьцяг зьявіўся на даху дома №41 па праспэкце Фрунзэ ў Віцебску. У суседнім будынку пад нумарам 41А месьціцца Віцебскае абласное ўпраўленьне Міністэрства ўнутраных справаў.

Акцыя 27 ліпеня

Недалёка ад Чырвонага касьцёлу быў затрыманы лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Таксама затрымалі і Віктара Івашкевіча, але празь некаторы час абодвух палітыкаў адпусьцілі.

У гальштуку, а брыдкасловіў

Моладзевы актывіст Зьміцер Хведарук судом Маскоўскага раёну Менску быў асуджаны да 10 сутак арышту. Хлопца затрымалі 26 ліпеня і абвінавацілі ў брыдкаслоўі.

Упершыню на сутках

Ленінскі раённы суд Менску асудзіў на 15 сутак арышту Яраслава Грышчэню, ён быў затрыманы 27 ліпеня і меў пры сабе ўлёткі з заклікам прыйсьці на сустрэчу з дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12‑га скліканьня, якія прымалі Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Пакаралі юнака за «нецэнзурную лаянку». Франака Вячорку суд Завадзкога раёну пакараў 7 суткамі арышту за распаўсюджваньне ўлётак. Абодва хлопцы ўпершыню трапілі на суткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?