Ускраіна
- За лясамі‑ўзгорамі,
За сівымі зорамі
Ягадай нясьпелаю
Сьпіць краіна белая.
- З поўняй разьмінулася,
Хмарай загарнулася,
Голас пахаваўшая,
Волі не пазнаўшая.
- А была шляхетнаю,
Гонарам адметная,
Моцная і вольная,
Да навукі здольная.
- Нашай ускраіна была!
- Аблокі гоне вецер‑гун,
Забыўся ён, што ёсьць Пярун,
Забыўся, што чакае нас
Сурмы працяглы сьпеўны час.
- Мой сын маўчыць,
маўчу і я:
Навокал скрозь — калёнія.
Калее ў студзеньскай вадзе
Пярсьцёнак згубленых надзей.
Калевала
- У белай краіне залева —
Ня блісьне ні справа, ні зьлева.
Такая вось Калевала —
Нас мала, нас мала, нас мала.
- Дождж ідзе і час ідзе
Ў нашым белым горадзе.
- Цікуе гадзіньніка вока
За ўсім, што віруе навокал.
І як бы ты нас ні шукала —
Нас мала, нас мала, нас мала.
- Дождж ідзе і час ідзе
Ў нашым белым горадзе.
- Чакаю таемнага знаку
Нібыта галоўны аракул,
Каб рэхам літаньне зьнікала —
Нас мала, нас мала, нас мала.
- Дождж ідзе і час ідзе
Ў нашым белым горадзе.
- Дождж скончыцца абавязкова,
Вясёлкі зазьзяе падкова.
Такая вось, брат, Калевала —
Нас шмат, дзе здавалася мала,
Нас шмат, дзе здавалася мала,
Нас шмат, дзе здавалася мала.
Нас шмат…
- Дождж ідзе і час ідзе
Ў нашым белым горадзе.





