"Газпром" выціснуў зь Менску першую траншу платы за спажытае "блакітнае паліва". Той выпадак, калі пагроза мацнейшая за выкананьне.

Але ў адказ і Масква атрымала пагрозу. Учора Лукашэнка сказаў, што трэба выходзіць на "болей рэалістычныя стасункі" з Расеяй. А менавіта: "Мы папросім Расею таксама за ўсё заплаціць, што мы дзеля яе робім". Гэта чарговае агучваньне старой ідэі "сустрэчнага пазову". Але чым далей, тым цяжэй граць на транзыце ды вайсковым чыньніку. Расея будуе трубы ў абыход, дый РЛС таксама, так што як-небудзь абыдзецца.

Будзе доўжыцца ўзаемная дэманстрацыя баявых стоек. Лукашэнка нагадаў, што расейцы дыскрымінуюць нас у гандлёвай сфэры. Маўляў, "дзяўбуць" за кандытарскія вырабы, за цукар, арыштоўваюць машыны на мяжы. Можа спраўдзіцца прагноз датычна заключанага ўвесну пагадненьня аб гандлі: беларускі бок стане яго сабатаваць пад маркай адказу на расейскі "беспредел".

Ды і ў газавым пытаньні кропкі над "і" не расстаўленыя. Калі Расея ня дасьць крэдыт (ці вылучыць занадта суворыя ўмовы), застанецца падстава закідаць, што Пуцін не стрымаў слова. Таму, маўляў, і ў нас рукі разьвязаныя.

Карацей, будзе назірацца гэткая вязкая пазыцыйная вайна, скіраваная на максымальнае расьцягваньне платы па расейскіх рахунках. Менск можа дамагчыся дробных паслабленьняў, але ў стратэгічным пляне сілы надта няроўныя. І калі "злога" Пуціна яшчэ можна проціпастаўляць "добраму" Ельцыну, бо цяперашні гаспадар Крамля сапраўды ёсьць крэатурай першага прэзыдэнта Расеі, то любы наступны ўжо ня будзе падпадаць пад гэтую піяраўскую антытэзу. З новым крамлёўскім лідэрам дамаўляцца будзе яшчэ горай.

Канешне, калі б воўк у лесе здох і было раптам сказана: усё, годзе, выконваем 12 умоў Эўразьвязу і — гуд бай, Раша! — наш сюжэт набыў бы зусім іншы зьмест. Але, як зазначае экспэрт Леанід Злотнікаў, для кіраўніка Беларусі "наяўныя альтэрнатывы непрымальныя палітычна і мала прымальныя эканамічна". Таму і надалей давядзецца чуць высновы-асюмараны пра нечуваны "беспредел" з боку братняй Расеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?