Стасункі паміж краінамі, адзначаюць эксперты, трымаліся выключна на асабістым сяброўстве паміж Уга Чавэсам і Аляксандрам Лукашэнкам.
Смерць Чавэса можа змяніць замежную палітыку і адбіцца на гандлёвым балансе паміж краінамі. Як гэта паўплывае на самыя гучныя беларуска-венесуэльскія праекты — дастаўкі венесуэльскай нафты і супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сферы?
Гандлёвы зварот паміж Беларусьсю і Венесуэлай рос год ад году: калі ў 2000 годзе ён складаў каля 2 млн даляраў, то ў 2010 дасягнуў 1,3 мільярда.
Венесуэла заняла месца ў дзясятцы важных замежнаэканамічных партнёраў Беларусі.
Венесуэла прыйшла на дапамогу ўладам Беларусі ў найбольш важным эканамічным пытанні — жорсткіх перамовах па пастаўцы нафты з Расеі.Калі Расея паспрабавала шантажаваць кіраўніка Беларусі, увёўшы мыта на нафту, Уга Чавэс з Аляксандрам Лукашэнкам дамовіліся, што нафта паедзе ў Беларусь танкерам з Лацінскай Амерыкі.
Што будзе з венесуэльскім нафтавым праектам пасьля смерці Чавэса, тлумачыць эксперт Тацяна Манёнак:
«І тады сур’ёзныя аналітыкі казалі, што нафта з Венесуэлы не магла быць сур’ёзнай альтэрнатывай. Гэта дорага. Але здзелка гэтая была непрызрыстая. Мы не ведаем усіх дэталяў.Магчыма, былі бонусныя даставы. І ў гэтым быў сэнс. Але ж Беларусь усё адно адмовілася яшчэ ў першым паўгоддзі мінулага году. І я не думаю, што гэты праект будзе адноўлены, бо ёсць зацікаўленасць расейскіх кампаніяў, якія атрымалі права летась упершыню перапрацоўваць да паловы нафты, што імпартуецца з Расійскай Федэрацыі.
Ёсць паміж нашымі краінамі сумесныя прадпрыемствы, ідзе будаўніцтва жытла, вядзецца перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі.
Адзін з самых важных праектаў,у якім была зацікаўленая Венесуэла, і які сапраўды можа не пацярпець ад такіх знешніх прычынаў як смерць Уга Чавэса — гэта супраца ў вайскова-тэхнічнай сферы.
Менавіта Беларусь была абраная венесуэльскім кіраўніцтвам як каардынатар стварэння адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Венесуэлы.
Такая супраца была выгадная і Беларусі, і Венесуэле.
Меркавалася, што Беларусь атрымае прыбытак у памеры мільярда даляраў, і будзе абслугоўваць СПА Венесуэлы доўгія дзясяткі гадоў.Выглядае, што гэты праект можа сапраўды стаць доўгатэрміновым, — кажа экспэрт Аляксандар Алесін:
«Кантракт гэты ацэньваўся ў 1 мільярд даляраў, і яшчэ былі перспектывы дадатковых замоваў. Каля 500 мільёнаў даляраў у якасці перадаплаты былі выплачаныя. Вялікая частка працаў ужо выкананая. Частка зенітна-ракетных комплексаў Пячора 2М дастаўленыя ў траўні 2012 году. Усяго там планавалася змясціць 20 базаў СПА, 20 раёнаў. Частка з іх ужо на ўзбраенні. Яны мусілі абараняць найважнейшыя прадпрыемствы металургіі, транспартныя цэнтры, нафтаперапрацоўчыя заводы, аэрапорты, порты і так далей».
Алесін лічыць, што супраца ў гэтай сферы аніяк не мусіць пацярпець ад змены ўлады ў Венесуэле, нездарма амбасадарам у Каракас накіраваны былы камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі.