У Вільні сёння пахавалі Рамана Вайніцкага, намесніка дырэктара Віленскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, прэзідэнта Асацыяцыі беларускіх грамадскіх арганізацыяў Літвы, кіраўніка клуба «Сябрына», віцэ-старшыню Рады нацыянальных супольнасцяў Літвы пры Міністэрстве культуры.

Ушанаваць яго памяць прыехалі беларусы з усёй Літвы, на цырымоніі сабралася каля сотні чалавек розных нацыянальнасцяў,
грамадскіх дзеячоў, палітыкаў, афіцыйных асобаў, беларускіх дыпламатаў разам з амбасадарам Беларусі ў Літве У. Дражыным. Пахаванне было арганізаванае пышна, з ганаровай вартай ля труны і з кранальнай цеплынёй:
сярод мноства кветак і вянкоў стаялі развітальныя паштоўкі, зробленыя вучнямі гімназіі,
са словамі падзякі і смутку.
Рамана Вайніцкага ў Вільні згадваюць як дзеяча, які не падтрымліваў ні рэжым у Беларусі, ні супраціў рэжыму, які імкнуўся аб’яднаць і прымірыць беларусаў Літвы незалежна ад іх палітычных поглядаў, як добрага і ветлівага да ўсіх чалавека.
Усе цяпер прыгадваюць ягоныя словы як напамін, што найважнейшыя не ўласныя амбіцыі, а любоў да Беларусі: «Нас шмат, але Беларусь у нас адна, так што нам няма чаго дзяліць».

Цяпер, калі на пахаванне сабраліся з усёй Літвы беларускія актывісты самых розных поглядаў, якія даўно не бачыліся і не размаўлялі адзін з адным, яны сумна паўтаралі: «Вось спадар Раман і сабраў нас усіх разам».

Журналісты беларускіх незалежных СМІ, акрэдытаваныя для працы ў Літве МЗС ЛР, аднак, не змаглі рабіць відэа- і фотаздымкі ў часе разьвітаньня з адным з лідараў беларускай дыяспары ў Літве.

Выконваць прафесійную працу ў грамадскім месцы журналістам не далі невядомыя расейскамоўныя мужчыны, якія абражалі журналістаў радыё «Свабода» і ТВ «Белсат» з ужываньнем нецэнзурных словаў і пагражалі ім фізічнай расправай,
паводзілі сябе агрэсіўна і заяўлялі, калі перакласці іх словы, што «ў іншай краіне з такімі журналістамі яшчэ не так распраўляюцца» і там яны «атрымоўваюць ад каго трэба як мае быць».
Невядомыя не прадставіліся, але пабачыўшы дакументы аб акрэдытацыі журналістаў у Літве, заявілі, што гавораць нібыта ад імя сям’і.
Раней старэйшы сын Рамана Вайніцкага прасіў не здымаць толькі ў зале, не патлумачыўшы прычынаў, але, ведаючы, што забараніць здымаць у грамадскім месцы нельга, быў не супраць здымкі на вуліцы і ў фае пахавальнага бюро.
Сын загіблага сказаў, што не мае нічога супраць асобаў журналістаў, якія працуюць для радыё «Свабода» і ТВ «Белсат» у Літве. Пазьней невядомыя выклікалі яго і прымусілі пры іх заявіць, што сям’я забараняе ўсе фота- і відэаздымкі ў часе пахавання.

Аператар ТВ «Белсат» Здзіславас Вайцяхоўскіс адышоў з камерай прыкладна на сотню метраў ад выхаду з Пахавальнага бюро і падрыхтаваўся здымаць, як будуць выносіць труну і як будуць выходзіць людзі.

Прайшлі беларускія дыпламаты, актывісты пачалі выносіць вянкі.

Як толькі з залы пачалі выходзіць людзі, іншыя невядомыя расейскамоўныя маладыя мужчыны падбеглі да камеры, закрылі рукой аб’ектыў і запатрабавалі сысці.

Двое невядомых не прадставіліся, адзін з іх размаўляў абразліва і агрэсіўна, з нецэнзурнымі словамі, другі трымаўся ветліва. Яны не патлумачылі прычыны, чаму яны замінаюць працы журналістаў, акрэдытаваных у гэтай краіне, выконваць сваю прафесійную працу ў грамадскім месцы і здзекліва параілі зьвярнуцца ў паліцыю.

Як толькі адзін з журналістаў патэлефанаваў у паліцыю, і невядомыя пачулі, што паліцыя зараз прыедзе, яны ўцяклі.

Віленскі камісарыят паліцыі зафіксаваў скаргу журналістаў Тацяны Поклад і Здзіславаса Вайцяхоўскіса, грамадзянаў Літвы, акрэдытаваных МЗС ЛР для працы ў гэтай краіне. Да заявы аб перашкодах і пагрозах журналістам незалежных беларускіх СМІ, акрэдытаваных ў Літве, будуць дададзеныя і відэа і гукавыя запісы невядомых і іх пагрозаў журналістам.

* * *

Рамана Вайніцкага знайшлі забітым 6 сакавіка. Літоўская паліцыя праводзіць расследаванне забойства. Жорсткае забойства шакавала многіх у Літве і Беларусі, выказваюцца мноства версіяў. Літоўскі парламэнтар Арвідас Анушаўскас, чалец Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сойму Літвы раней адзначыў, што лідар беларускай дыяспары, які імкнуўся ня ўцягваць беларусаў у акцыі пратэстаў нацыянальных мяншыняў у Літве супраць літоўскіх законаў, мог замінаць Расеі ў яе спробах аб’яднаць нацыянальныя супольнасці супраць літоўскай дзяржавы. Большасьць блізкіх да Вайніцкага людзей заявілі, што перад смерцю Вайніцкі скардзіўся на пагрозы і быў амаль у паніцы.

Старшыня саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова заявіла, што, на яе думку, Вайніцкага забіла беларуская апазіцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?