Амэрыка наважылася вучыць візавым бізуном ужо ня толькі найвышэйшае беларускае начальства, але і службоўцаў драбнейшага рангу. У "групу рызыкі" (і, мусіць, немалой) пры звароце па візы трапілі, напрыклад, усе палкоўнікі ды генэралы КГБ і МУС, дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў, іхнія намесьнікі etc. Плюс іхнія "другія паловы". Лідзія Ярмошына адразу згадала пра Дэклярацыю правоў чалавека.
Аналітык Валер Карбалевіч заўважае, што вонкава гэты крок ЗША выглядае як водгук на прапановы апазыцыі. Зь яе лягеру не аднойчы гучала думка: эфэкт будзе тады, калі пад санкцыі патрапяць не адзінкі, а тысячы служак рэжыму, датычных да фальсыфікацыяў ды палітычнага перасьледу. Разам з тым, мой суразмоўца сумняецца, ці здолеюць амэрыканцы даць рады калясальнай працы.
Сапраўды, на дылетанцкі розум, каб гэнае сіта працавала спраўна, мусіць, трэба ўсіх чыноўнікаў з адпаведных катэгорый "паставіць на ўлік", адсочваць кадравыя зьмены, мець сьведчаньні дачыненьня да рэпрэсій ці іншых нядобрых спраў супраць дэмакратыі… Бадай, у амбасадзе і штату ня хопіць.
Вы скажаце: дык жа кампутары і ўсё такое! Але нават раней, калі ў чорным сьпісе фігуравала трыццаць зь нечым асобаў, хто-кольвек, здаецца, праскокваў праз тое сіта. А тут, мусіць, лік пойдзе на сотні ці нават тысячы (аднаго дырэктарату вунь колькі!).
Акрамя таго, ці вырашаецца звышзадача? Мэта такіх санкцыяў, мяркуе Валер Карбалевіч, калі ня змусіць намэнклятуру да пераходу ў апазыцыю, дык сама мала адштурхнуць ад працы на цяперашні рэжым. Але ў нас ня тая сытуацыя.
Так, рэвалюцыяй ня пахне, і чынавенства лепей ператопчацца без заакіянскіх ваяжаў, чым горда адмовіцца ад наседжаных крэслаў. Тым болей што, са слоў майго суразмоўцы, "наўрад ці палкоўнікі КДБ масава езьдзяць у Штаты". Дадамо: а чыясьці "невыязная" жонка хутчэй аблае Буша, чым мужа.
Але калі сур'ёзна, дык вось палітоляг Андрэй Фёдараў, у сваю чаргу, мяркуе, што мэтадычныя пэрсанальныя санкцыі маюць сэнс, і чым шырэйшае кола намэнклятуры пад іх падпадае, тым болей імаверны эфэкт. Ён нагадвае, што і кіраўнік Беларусі, і некаторыя іншыя службовыя асобы, тая ж Лідзія Ярмошына, напрыклад, не аднойчы выказвалі раздражненьне з нагоды візавых табу. Наўрад ці гэта спадабаецца і драбнейшаму чынавенству. "Кропля камень точыць", — рэзюмуе Фёдараў.
Зь іншага боку, каменю ўжо каторы год нічога ня робіцца, а вось апазыцыю датрушчваюць. І кожны раз, як Захад ужывае нейкія санкцыі, у нас разгараецца дыскусія: ці ня болей шкоды, чым карысьці? Ці ня ўдарыць гэта рыкашэтам па апанэнтах улады?
"Апазыцыю ў нас рэпрэсуюць плянава, а не ў адказ на нейкія санкцыі Захаду", — сказаў у гутарцы са мной палітоляг Віталь Сіліцкі. На ягоную думку, новае рашэньне Вашынгтону ёсьць дэманстрацыяй прынцыпаў пры адсутнасьці моцных вагароў рэальнага ўзьдзеяньня.
Зрэшты, усе трое маіх суразмоўцаў былі салідарныя ў тым, што наўпроставай сувязі між заходнімі санкцыямі і рэпрэсіямі супраць апазыцыі няма. Правакуюцца хіба што піяраўскія наскокі: зноў "пятая калёна" пастаралася запэцкаць імідж сінявокай краіны!
Насамрэч наверсе выдатна разумеюць, што не празь Лябедзьку зь Вячоркам так ня любіць нашае начальства Буш. Дарэчы, ня спраўдзіліся (пастукаю па дрэве, каб не сурочыць!) засьцярогі, што пасьля выкіндэсу з прэфэрэнцыяў у нас датрушчаць незалежныя прафсаюзы. Раз-другі дробна куснулі Ярашука зь Фядынічам — і нібыта адчапіліся. Не таму, што такія добрыя сталі, а таму што ёсьць спадзеў некалі тыя прэфэрэнцыі аднавіць.
"Найвышэйшае кіраўніцтва даўно ў спісах неўязных, — адзначае Андрэй Фёдараў. — І наўрад ці яно так ужо будзе перажываць, што зараз могуць адмовіць у візе намесьніку дырэктара нейкай мэблевай фабрыкі. Нехта наверсе мо' нават і пазлараднічае: хай і яны пакаштуюць…".
Карацей, за фігуральнага намесьніка дырэктара мэблевай фабрыкі масавымі пасадкамі тутэйшых змагароў помсьціць дзядзьку Сэму ня стануць. Калі што, іх дастануць "у плянавым парадку". Ну а Вашынгтон пакуль што хутчэй сымбалічна нагадвае вэртыкалі: "Ніхто не забыты, нішто не забыта!"





