5 жніўня споўнілася сто год ад нараджэньня пісьменьніка, які стаў яркім увасабленьнем супярэчнасьцяў беларускага лёсу ў ХХ стагодзьдзі — Эдуарда Самуйлёнка.

Паверыўшы ў «сьветлую» камуністычную будучыню, ён ня стаў шэраговым партыйным творцам, а, заплюшчваючы вочы на адмоўнае, сіліўся дапамагчы ў пабудове Ўтопіі. За трыццаць два пражытыя гады Эдуард Самуйлёнак напісаў нямала годных тэкстаў.

Рэжысэрка Лені Рыфэншталь з посьпехам аддала свой талент на службу гітлераўскаму рэжыму, Самуйлёнак — савецкаму. Юрка Віцьбіч пісаў, гэны Самуйлёнак — прыклад таго, «як савецкая рэчаіснасьць забівае таленты», маўляў «спадманулі русальчыны сьцежкі». Але ці ня варта адмовіцца ад гэтага ўмоўна‑пажадальнага тону ў развагах, маўляў, вось калі б Самуйлёнак мог пісаць вольна? Чаму не зірнуць на яго такім, якім ён ёсьць — прыкладам існаваньня і досыць плённага разьвіцьця таленту ва ўмовах таталітарызму. У кожнай галіне, нават самай няўдзячнай, бываюць свае таленавітыя працаўнікі.

Сёньня чытаць Самуйлёнка цікава, і гэта той нешматлікі прыклад беларускай літаратуры БССР, калі я магу чытаць нешта без прымусу. Гэты чалавек верыў у тое, што пісаў, і ведаў, як пісаць. Таму ня так істотна, якія ідэалягічныя погляды ён адстойваў. Сапраўды, нават куды больш жахлівыя і крывавыя, чым камунізм, ідэі часам натхняюць людзей на незвычайнае геройства і самаахвярнасьць ці стварэньне геніяльных твораў. Згадайма будаўнікоў сусьветных імпэрыяў ці крывавыя дарогі рэлігійных ваяроў альбо вялікія прапагандысцкія палотны Жака Люі Давіда. Вось і пецярбурскага хлопца‑беларуса Эдуарда Самуйлёнка прыцягнула да сябе такая прыгожая карціна ўсясьветнае ўтопіі камуністычнае рэвалюцыі.

Цікава, што антыкамуніст Віцьбіч асьцерагаўся бэсьціць Самуйлёнка, зазначаючы, што той — «не «рабкор» і не «пісака», а адзін з найбольшых беларускіх (па форме) і савецкіх (па накінутым яму жыцьцём зьместу) пісьменьнікаў». Віцьбіч кажа пра іншы, «сапраўдны твар Самуйлёнка, забітага ў літаральным і ўскосным сэнсе бальшавікамі». Але тут ужо Віцьбіч зашмат бярэ на сябе і занадта аддаляецца ў сфэру мітычнага і ўяўнага. Зірнем на тое, што засталося па гэтым творцы, не гадаючы пра тое, што не збылося.

Засталіся жа сапраўды чытэльныя дый вартыя ўвагі шматлікія апавяданьні, аповесьць «Тэорыя Каленбрун», грузінскі раман «Будучыня», п’есы «Сяржант Дроб» ды «Пагібель воўка». Важна, што гэтыя творы не пахаваныя намёртва ў вясковай рэальнасьці, як многія творы беларускай літаратуры мінулага стагодзьдзя. Гэта — адна зь першых спробаў вывесьці мадэрную беларускую літаратуру за гермэтычныя вяскова‑засьцянковыя рамкі, чытанка, прыдатная да гараджанаў і даступная іншым пакаленьням.

Самуйлёнак разумеў, што беларуская літаратура ня мусіць абмяжоўвацца роднай вёскай дый сьмела рушыў у Грузію, каб напісаць сэрыю твораў пра каўкаскую краіну. Ён ня быў кабінэтным творцам, як некаторыя нават сёньняшнія аматары напісаць пра нябачаныя імі джунглі ды людажэраў. Гэты чалавек спачатку, як Грэм Грын, на сваёй скуры адчуў пралетарскі стан, пілуючы дошкі, дый сьпёкся пад сонцам Калхіды. Ня дзіва, што й пісаў ён пра пралетарыят ды далёкія краіны так, што гэта чытаецца і празь дзесяцігодзьдзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?