Суд Партызанскага раёна Мінска 8 жніўня прыгаварыў маладзёжнага актывіста Аляксея Шыдлоўскага да пяці сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства). Суд устанавіў, што Шыдлоўскі вінаваты ў "абуральных паводзінах у грамадскім месцы" 24 ліпеня і нецэнзурна выказваўся ў адрас супрацоўнікаў міліцыі.

Адметна, што А.Шыдлоўскі 25 ліпеня ўжо быў асуджаны на 15 сутак за аналагічнае правапарушэнне, учыненае ім нібыта 25 ліпеня. Тэрмін яго арышту практычна закончыўся, аднак ён зноў быў пакараны за "дробнае хуліганства", на гэты раз учыненае нібыта 24 ліпеня. У будынак суда Партызанскага раёна 8 жніўня А.Шыдлоўскі быў дастаўлены пад канвоем.

Аляксей Шыдлоўскі разам з яшчэ адным актывістам маладзёжнага дэмакратычнага руху Паўлам Бараноўскім былі затрыманы 24 ліпеня ў цэнтры Мінска падчас расклейвання ўлётак апазіцыйнага зместу. Ноч затрыманыя правялі ў спецпрыёмніку-размеркавальніку ГУУС Мінгарвыканкама. Раніцай 25 ліпеня яны былі дастаўлены ў суд Партызанскага раёна, але пасяджэнне суда было перанесена на 8 жніўня з-за таго, што не з'явіліся сведкі з боку абвінавачання. Маладых людзей вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Аднак праз некалькі гадзін А.Шыдлоўскі зноў быў затрыманы і дастаўлены ў суд, які прыгаварыў яго да 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?