Напрыканцы купальнага сезона лета вырашыла пабалаваць нас гарачынёй. Беларусы зноў масава накiравалiся да вады. Не хацелася б iх засмучаць, аднак у пералiк закрытых санэпiдслужбай для купання вадаёмаў уваходзяць на сённяшнi дзень 53 зоны адпачынку. Чэрвеньская спёка, цвiценне водарасцяў плюс лiпеньскiя лiўневыя дажджы зрабiлi сваю «чорную» справу — якасць вады ў многiх рэках, сажалках i вадасховiшчах не адпавядае бяспечным бактэрыялагiчным паказчыкам. Паводле iнфармацыi Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя зараз забараняецца купацца ў наступных зонах адпачынку:

Брэсцкая вобласць: рэкi Ведзьма i Шчара ў Ляхавiцкiм раёне, вадасховiшча «Белiн» (Драгiчынскi раён), р. Пiна (Пiнскi раён), возера Мотальскае (в. Моталь, Iванавiцкi раён), вадасховiшча в. Ляскавiчы ў Iванавiцкiм раёне, зона адпачынку на р. Мухавец (пляж «Усход» i «Цэнтральны») у Брэсце, сажалка вёскi Крошын (Баранавiцкi раён), р. Лясная (г. Камянец).

Вiцебская вобласць: р. Заходняя Дзвiна ў межах Полацка, Наваполацка, Вiцебска i Бешанковiчаў, возера Маладзёжнае (г. Наваполацк), р. Лучоса i Вiцьба ў межах Вiцебска, возера Гомель (г. Полацк), возера Суя (г. Полацк), рэкi Днепр i Оршыца ў межах Оршы, возера Шчацiнка ў межах Оршы, вадаём у г. Докшыцы, возера Скобрае г. Полацк, возера Белае (Полацкi раён), вадасховiшча «Бельчыца» (Полацкi раён).

Гомельская вобласць: зона адпачынку ў г. Жлобiне, вадаёмы Маладзёжны i Руднiцкi ў межах Гомеля, Светлагорскае вадасховiшча, зона адпачынку пансiяната «Залатыя пяскi» (Гомельскi раён).

Магiлёўская вобласць: гарадскi пляж на рацэ Днепр у Шклоўскiм раёне.

Мiнская вобласць: р. Цiтаўка (Пухавiцкi раён), р. Случ (Слуцкi раён), р. Случ у г.п. Старобiн (Салiгорскi раён), Войкаўскае вадасховiшча г.п. Плешчанiцы (Лагойскi раён), Салiгорскае вадасховiшча, р. Iлiя (Маладзечанскi раён), р. Уша (Маладзечанскi раён), сажалка ў в. Будзенiчы (Старадарожскi раён), сажалка ў в. Шчытковiчы (Старадарожскi раён), возера ў Любанi, сажалка ў парку г. Любань, Пятровiцкае i Чарнiцкае вадасховiшчы (Смалявiцкi раён), вадасховiшча ў в. Гардынава (Валожынскi раён), Краснаслабодскае вадасховiшча ў в. Смолiчы (Капыльскi раён).

Гродзенская вобласць: зона адпачынку на р. Нёман побач з аздараўленчым лагерам «Арляня» (Iўеўскi раён), вадаём в. Алекшыцы Бераставiцкага раёна, вадаём санаторыя «Пралеска».

г. Мiнск: Заслаўскае вадасховiшча, Камсамольскае возера, вадасховiшча «Дразды».

Як бачна, некаторыя закрытыя раней для купання месцы адпачынку «рэабiлiтаваныя». Але вось, напрыклад, рэкi Заходняя Дзвiна, Цiтаўка, Случ, пляж на Дняпры ў Шклове цi Камсамольскае возера ў Мiнску як трапiлi ў пачатку лета ў пералiк забароненых, так яго больш i не пакiдалi.

Надзея Нiкалаева, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0